Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, якія суды найчасьцей разглядаюць і ўносяць матэрыялы ў сьпіс «забароненых». У 2025 годзе топ-5 самых рэпрэсіўных судоў у пытаньні «экстрэмізму» выглядае так:
- суд Ленінскага раёну Магілёва — 102 рашэньні;
- суд Ленінскага раёну Горадні — 91;
- суд Ленінскага раёну Берасьця — 83;
- суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы — 75;
- суд Цэнтральнага раёну Менску — 73.
Але агулам за ўвесь час суд Ленінскага раёну Магілёва не ўваходзіць нават у пяцёрку. Агульная сытуацыя за час рэпрэсій выглядае так:
- суд Цэнтральнага раёну Менску — 513 рашэньняў;
- суд Ленінскага раёну Берасьця — 364;
- суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы — 313;
- суд Маладачанскага раёну Менскай вобласьці — 219;
- суд Ленінскага раёну Горадні — 218.
Выглядае адметным, адзначаюць праваабаронцы, што задачу прызнаньня матэрыялаў «экстрэмісцкімі» перадалі ў пэўны суд. Напрыклад, калі за ўвесь час у Менску суд Цэнтральнага раёну вынес ажно 513 такіх рашэньняў, дык суд Кастрычніцкага раёну сталіцы прыняў за ўвесь час толькі адно рашэньне на гэты конт.
За год суды прызналі «экстрэмісцкімі» 2107 інфармацыйных матэрыялаў — ад Telegram-каналаў і TikTok-акаўнтаў да кніг, сайтаў міжнародных арганізацый і старонкі зь сьпісам палітвязьняў. «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» разросься да 1928 старонак і 8172 пазыцый.
Форум