Улады Беларусі распрацоўваюць прававую базу рэнавацыі так званых «хрушчовак», жылых дамоў, узьведзеных у часы кіраваньня Савецкім Саюзам Мікіты Хрушчова.
25-гадовы тэрмін службы такіх дамоў даўно скончыўся, але там надалей жывуць людзі.
У Беларусі яшчэ шмат шпатпавярховых дамоў тыпавых сэрый 1955-1975 гадоў, у якіх маленькія пакоі і кухні, сумешчаныя санвузлы. Міністар архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Студнёў расказаў часопісу «Эканоміка Беларусі», што па новай будаўнічай праграме на бліжэйшыя 5 год, гэтыя дамы падпадуць пад рэнавацыю, піша БелТА.
«Так званых хрушчовак у Беларусі — 2568, іх агульная плошча каля 10 мільёнаў квадратных мэтраў, зь іх панэльных — 1864, або каля 7 млн кв.м. — У Менску — 890 панэльных дамоў 1955-1975 гадоў, гэта каля 3 млн кв. м.
Таму ў дзяржпраграме будаўніцтва жыльля на 2026-2030 гады рэнавацыя жыльлёвага фонду — адна з прыярытэтных задач,»— сказаў міністар.
Паводле ягоных слоў, пасьля завяршэньня распрацоўкі прававой базы рэнавацыі тэрыторый і канкрэтных дамоў будзе вызначацца стратэгія па зносе або аднаўленьні жылога фонду, які патрабуе сучасных рашэньняў і падыходаў.
Многія такія дамы ў Менску і іншых гарадах ужо перажылі капітальны рамонт, іх абнавілі, уцяплілі, памянялі вокны і трубы, правялі рэнавацыю. Але большасьць «хрушчовак» застаюцца ў ранейшым выглядзе.
Форум