Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рады культуры зафіксавала 115 новых культурных ініцыятываў у Беларусі і за мяжой


Старшыня Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, архіўнае фота
Старшыня Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, архіўнае фота

Аб засільлі расейскага зьмесьціва ў культурнай прасторы Беларусі заявіў кіраўнік Беларускай рады культуры (БРК) Сяргей Будкін 18 сьнежня на імпрэзе па выніках 2025 году.

Як паведаміў Позірк, паводле Сяргея Будкіна, самы небясьпечны трэнду у галіне культуры — засільле расейскага культурнага прадукту.

«Культурная прастора сёньня складаецца з 95 працэнтаў расейскіх прадуктаў, — адзначыў Будкін. — Расейская прысутнасьць дамінуе ў музыцы, літаратуры, кіно, шоў-бізнэсе. Незалежныя беларускія ініцыятывы фактычна выключаныя з афіцыйнага поля. Але добрае ў тым, што людзі разумеюць, калі ім нешта навязваюць. Прыклад — нядаўняе скасаваньне беларускіх канцэртаў расейскага сьпевака Шамана праз слабы попыт на квіткі».

155 чалавек, зьвязаных з культурай, цяпер у зьняволеньні

Яшчэ адна рыса году ў сфэры культуры, паводле кіраўніка БРК, — захаваньне татальнага дзяржаўнага кантролю:

«Нічога не мяняецца ўжо пяць гадоў. Мы канстатуем працяг перасьледу за вальнадумства, за інтэлектуальны пратэст. Вялікія турэмныя тэрміны даюць за творчасьць», — сьцьвярджае Будкін.

Як прыклад Будкін прывёў сытуацыю з гуртам Tor Band і фронтмэнам гурту «Палац» Алегам Хаменкам.

«Мы ўсе спадзяемся, што музыканты выйдуць на волю з чарговай хваляй вызваленьня. Усяго 155 чалавек, зьвязаных з культурай, сёньня знаходзяцца ў зьняволеньні», — падкрэсьліў Будкін.

Ёсьць жаданьне адрозьнівацца ад расейцаў

Паводле Сяргея Будкіна, у краіне захаваўся запыт на «нацыянальна арыентаваны прадукт». Актывіст мае на ўвазе рамёствы, фальклёр, этнаграфію. Як прыклады такой дзейнасьці Будкін назваў натхняльныя імпрэзы на Купальле або Каляды, у тым ліку дзіцячыя.

«Варта адзначыць рост зацікаўленасьці бізнэсу ўнутры Беларусі да беларускамоўнага прадукту, бо ёсьць жаданьне адрозьнівацца ад расейцаў. Гэта прыемная пазытыўная тэндэнцыя», — падкрэсьліў Сяргей Будкін.

У рамках апошняга дасьледаваньня, зазначыў кіраўнік БРК, удалося падлічыць колькасьць зарэгістраваных і незарэгістраваных культурных ініцыятываў па абодва бакі мяжы — іх 115.

«Вядома, у Беларусі арганізацыі пераважна працуюць у паўпадпольных умовах. Пасьля разгрому грамадзянскай супольнасьці ў 2021 годзе легальных арганізацыяў застаецца вельмі мала», — мяркуе Сяргей Будкін.

Беларуская культура шукае новых шляхоў існаваньня і выжываньня, у тым ліку з дапамогай закрытых і паўзакрытых фарматаў, заявіў у онлайн-дыскусіі старшыня Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG