Дагэтуль бясьпекай Ціханоўскай займалася літоўская Служба аховы кіраўніцтва. Пра намер зьнізіць узровень аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканьняў літоўскія ўлады абвясьцілі ў кастрычніку.
Як адзначае BNS, ініцыятары гэтага рашэньня сьцьвярджаюць, што зьмена ўзроўню аховы Ціханоўскай зьвязана са спадам патоку пагроз у яе адрас, а таксама з тэхнічнымі прычынамі.
Шэраг літоўскіх палітыкаў скрытыкавалі гэтае рашэньне, назваўшы яго не тэхнічным, а палітычным.
17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сыстэма бясьпекі.
Крыніцы Свабоды, у тым ліку з атачэньня Ціханоўскай, паведамлялі на ўмовах ананімнасьці, што Ціханоўская і прынамсі частка ейнага офісу плянуюць пераезд зь Вільні ў Варшаву.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі 10 сьнежня ня даў адназначнага адказу на пытаньне Свабоды пра пераезд Офісу Ціханоўскай.
«Мы ўсё яшчэ чакаем фінальнай схемы, сыстэмы аховы, якая мусіць быць забясьпечана [Сьвятлане Ціханоўскай] у Літве, — пракамэнтаваў тады Дзяніс Кучынскі. — На дадзены момант Сьвятлана знаходзіцца пад апекай Літвы, дзяржаўнай службы аховы. Толькі пасьля таго, як атрымаем фінальнае рашэньне ад Літвы, мы прааналізуем прапанову і будзем вырашаць, як дзейнічаць».
Дзяніс Кучынскі кажа, што яны «хацелі б застацца і далей працаваць у Вільні», але «яшчэ некалькі месяцаў таму, калі гэтая сытуацыя зьявілася, мы пачалі разглядаць розныя варыянты». Паводле яго, сёньня «даты пераезду ці там нейкага пляна» няма.
Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам пачалі гучаць крытычныя галасы некаторых палітыкаў адносна таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва, нібыта гэта каштавала задорага для бюджэту краіны.