Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік праз суд дабіўся звальненьня з украінскага войска. Працэс працягваўся зь лета


Беларускія вайскоўцы з пачатку поўнамаштабнай вайны ваююць на самых складаных кірунках фронту. Ілюстрацйнае фота
Беларускія вайскоўцы з пачатку поўнамаштабнай вайны ваююць на самых складаных кірунках фронту. Ілюстрацйнае фота

Праз памылковы кантракт беларус ня мог звольніцца з украінскага войска і зьвярнуцца па атрыманьне ўкраінскага грамадзянства.

Суд у Палтаве абавязаў вайсковую частку, да якой быў прымацаваны грамадзянін Беларусі з 24 лютага 2022 году, звольніць яго з войска і прызнаў супрацьпраўным падпісаньне зь ім кантракту як з грамадзянінам Украіны, а не зь іншаземцам.

У той жа час, як стала вядома Свабодзе, вайсковую частку, у якой першапачаткова служыў беларус, расфарміравалі сёлета ў кастрычніку, калі ён ужо зьвярнуўся ў суд па абарону сваіх правоў. Цяпер судовае рашэньне павінна выканаць іншая вайсковая частка — пераемніца першай.

Гэтае рашэньне зьўляецца канчатковым, яго нельга абскардзіць.

Што папярэднічала

Грамадзянін Беларусі падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны 24 лютага 2022 году на тры гады. У сакавіку таго году яго залічылі ў сьпісы асабовага складу як рэзэрвіста на пасаду тэхніка стралковай роты. У сакавіку 2023 году яго перавялі на пасаду кіроўцы-электрыка ўзводу стралковай роты.

Праз амаль два гады службы, у траўні 2024 году, беларус падаў рапарт аб звальненьні, але камандаваньне вайсковай часткі адмовілася яго звальняць. У чэрвені 2025 году ён зноў зьвярнуўся з рапартам аб звальненьні, але яго зноў не задаволілі. У вайсковай частцы патлумачылі, што няма падстаў яго падпісаць, паколькі беларус не надаў неабходныя для гэтага дакумэнты, а менавіта — кантракт аб праходжаньні замежнікам вайсковай службы ва Ўзброеных сілах Украіны. У беларуса такога кантракту не было, паколькі зь ім падпісалі дакумэнт, як з грамадзянінам Украіны.

Згодна з украінскім заканадаўствам, з іншаземцамі звычайна падпісваюць кантракт на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Пры гэтым грамадзянін замежнай краіны можа звольніцца з войска ўжо праз 6 месяцаў бесьперапыннай службы.

У жніўні суд адмовіўся разглядаць пазоў беларуса-добраахвотніка на падставе фармальнай прычыны: ён нібыта не ўклаўся ў тэрміны, адведзеныя для судовага звароту. Паводле заканадаўства, для абароны правоў аб прыняцьці грамадзян на публічную службу, яе праходжаньне і звальненьне, вызначаны адзін месяц. Такім чынам, грамадзянін Беларусі мог абскардзіць падпісаньне памылковага кантракту ў сакавіку 2022 году.

Грамадзянін Беларусі зьвярнуўся ў суд толькі 23 ліпеня 2025 году. Як адзначыў прадстаўнік беларуса-добраахвотніка, той проста ня ведаў, што зь ім падпісалі неадпаведны для іншаземца кантракт. Ён прасіў суд падоўжыць тэрмін магчымага звароту, аднак суд прызнаў непаважнымі прычыны пропуску звароту і вярнуў пазоў заяўніку. Пасьля абскарджаньня гэтага рашэньня суд аднавіў права грмадзяніна Беларусі абскардзіць у судзе дзеяньні вайсковай часткі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG