Эўрапейскі зьвяз на нявызначаны тэрмін замарозіў расейскія актывы на тэрыторыі ЭЗ, перадае Associated Press. Як зазначае агенцтва, рашэньне прынята з выкарыстаньнем спэцыяльнай працэдуры, прызначанай для эканамічных надзвычайных сытуацый.
Актывы будуць заставацца заблякаванымі да таго часу, пакуль Расея не адмовіцца ад вайны супраць Украіны і не кампэнсуе ўрон, нанесены ўкраінскаму боку ў ходзе баявых дзеяньняў.
Раней эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк паведамляў, што такое рашэньне разглядаецца як першы крок на шляху да выкарыстаньня расейскіх актываў у якасьці забесьпячэньня выплаты Ўкраіне крэдыту. Гэты крэдыт яна, як мяркуецца, зможа пасьля вярнуць з сродкаў, якія на яе аднаўленьне выплаціць Расея.
Раней гэтыя актывы падлягалі звычайным правілам — іх замарожваньне неабходна было падаўжаць кожныя шэсьць месяцаў, прычым аднагалосна. Новы мэханізм, ня будучы канфіскацыяй актываў, дазволіць адысьці ад рызыкі абавязку вяртаць актывы, калі б нейкая з краін, напрыклад Вугоршчына, не прагаласавала за працяг замарозкі.
Цяпер было прынятае рашэньне бестэрмінова замарозіць актывы на суму 210 мільярдаў эўра. Большая частка гэтай сумы знаходзіцца ў дэпазытарыі Euroclear у Бэльгіі.
Сама Бэльгія і яе прэм’ер-міністар Барт дэ Вэвэр раней выступалі супраць перадачы Ўкраіне замарожаных расейскіх сродкаў, баючыся ў тым ліку судовых пазоваў з боку Масквы. Банк Расеі ў пятніцу, 12 сьнежня, паведаміў, што падасьць пазоў да Euroclear у Арбітражны суд Масквы.
Форум