Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская пошта патлумачыла, чаму спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь


Ілюстрацыйны скрыншот з сайту Чэскай пошты
Ілюстрацыйны скрыншот з сайту Чэскай пошты

Ад 1 сьнежня пошта Чэхіі спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь. Прадстаўнікі гэтай установы пакуль што не адказалі на пісьмовы запыт Радыё Свабода пра прычыны гэтага кроку, але даслалі адказ Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Прадстаўніца офісу Крысьціна Шыянок піша, што ў адказе тлумачаць – рашэньне было прынята «з прычыны недахопу транспартных магутнасьцяў і абмежаваньняў міжнародных перавозак, якія на гэты момант не дазваляюць ажыцьцяўляць паштовыя зносіны паміж Чэскай Рэспублікай і Беларусьсю».

Аднаўленьне прыёму адпраўленьняў стане магчымым тады, «калі атрымаецца забясьпечыць стабільныя транспартныя магутнасьці, якія дазволяць зноўку наладзіць стандартны абмен адпраўленьнямі».

Пры гэтым Чэская пошта прызнае, што «ўведзенае абмежаваньне стварае значную складанасьць для беларускай супольнасьці, якая жыве ў Чэскай Рэспубліцы, асабліва ў пытаньнях камунікацыі зь сем'ямі і падтрымкі асоб, якія апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі».

Летась Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на выдачу віз і дазволаў на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Тагачасны прэм'ер-міністар краіны Пэтр Фіяла тады сказаў, што адначасова неабходна стварыць умовы для прадстаўнікоў апазыцыі і студэнтаў, якія «ня хочуць мець нічога агульнага з гэтымі рэжымамі, каб яны маглі вучыцца, працаваць на тэрыторыі Чэхіі».

Забарону для расейцаў Чэхія ўвяла адразу пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, у чэрвені 2022 году яе дзеяньне было падоўжанае да сакавіка 2023 году, а потым да сакавіка 2024-га. Выключэньне было зроблена для паездак з гуманітарнымі мэтамі.

У сакавіку 2023 году забарону распаўсюдзілі і на беларусаў, пры гэтым ня мае значэньня, ці ёсьць у іх грамадзянства іншай краіны.

У некаторых выпадках атрыманьне візы або ДНЖ усё ж магчымае: напрыклад, калі заяўнік зьяўляецца чальцом сям’і грамадзяніна Чэхіі або іншай краіны Эўразьвязу або іншаземца, які мае чэскі ДНЖ.

Для беларусаў таксама захавалася магчымасьць атрымаць візу для навучаньня, калі яна аплачваецца стыпэндыяй з боку Чэхіі, ЭЗ ці міжнароднай арганізацыяй.

Яшчэ адно выключэньне складаюць тыя заяўнікі, чыё знаходжаньне «адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі» і гэта пацьвердзіла МЗС краіны.

  • У сакавіку 2023 году забарону на выдачу візаў беларусам спрабавала аспрэчыць Сьвятлана Ціханоўская пачас візыту ў Прагу, ёй гэта было абяцана, але неўзабаве ўлады краіны ўсё ж увялі забарону і для беларусаў.



Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG