Пра гэта паведамляе агенцтва ELTA.
Ругінене падкрэсьліла, што калі лідэрка беларускай апазыцыі вырашыць пераехаць з Літвы, гэта будзе яе выбар.
«Былі розныя абмеркаваньні, але ўрад не атрымаў дакладнай заявы або сыгналу аб тым, што пра гэта будзе абвешчана афіцыйна», — сказала прэмʼерка.
«З нашага боку мы забясьпечылі поўную падтрымку і дапамогу Сьвятлане Ціханоўскай і яе офісу. Мы забясьпечылі кругласутачную ахову, і выбар за ёй», — падкрэсьліла яна.
Учора Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хаця дакладная дата пераезду яшчэ не вызначаная.
Пазьней Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца палітыка, у інтэрвію парталу «Люстэрка» не пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле яго слоў, канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае, і пытаньні бясьпекі ўсё яшчэ абмяркоўваюцца зь літоўскімі ўладамі. Акрамя таго, Кучынскі падкрэсьліў, што на наступным тыдні Ціханоўская правядзе прыём для беларусаў і дыпляматаў у Вільні.
Напрыканцы верасьня літоўскі ўрад прыняў рашэньне зьмяніць умовы аховы Ціханоўскай. Яе ахова была перададзеная ад Службы бясьпекі кіраўніцтва краіны да Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтае рашэньне было рэалізаванае 1 кастрычніка.
Форум