Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы дасьледавалі, якія абмежаваньні ствараюць вернікам у вязьніцах


Праваслаўная царква ў калёніі № 22 у Івацэвічах
Праваслаўная царква ў калёніі № 22 у Івацэвічах

Сярод іншага, палітвязьняў не пускаюць у хрысьціянскія цэрквы, у мусульманаў адбіраюць дыванкі для намазу.

У беларускіх месцах зьняволеньня трымаюць вязьняў розных канфэсіяў. Найлепей праваслаўным вернікам, але і для праваслаўных сытуацыя з свабодаю веравызнаньня за кратамі адрозьніваецца ў залежнасьці ад месца зьняволеньня.

Праваабаронцы «Вясны» дасьледавалі цяперашнюю рэалізацыю свабоды веравызнаньня ў калёніях Беларусі. Шэсьць былых палітычных зьняволеных розных канфэсіяў — ад стараабрадцаў да грэка-каталікоў — расказалі праваабаронцам пра доступ да царквы, стварэньне ўласных рэлігійных гурткоў і небясьпеку споведзі ў турэмнага сьвятара, а таксама пра таемны перасьлед мусульманскіх вернікаў.

«Супольна адзначаць сьвяты — рызыкоўна»

Былы палітзьняволены журналіст і праваслаўны вернік Яўген Меркіс адбываў тэрмін зьняволеньня ў шклоўскай калёніі № 17. Паводле палітвязьня, магчымасьць сустрэцца са сьвятаром у яго была толькі раней, у гомельскім СІЗА, а за ўвесь час у калёніі ён ня мог трапіць у царкву, бо насіў жоўтую бірку «палітычнага вязьня».

«Нават на Вадохрышча палітычным не дазвалялі схадзіць у храм, каб акунуцца ў купель», — згадвае Яўген Меркіс.

Паводле былога палітвязьня,для непалітычных зьняволеных у будныя дні дзейнічалі розныя гурткі, а таксама курсы катэхізацыі і агульнай багаслоўскай адукацыі.

Што да Гомельскага сьледчага ізалятару № 3, дык там да сьвятара можна было запісацца праз псыхоляга як звычайным вязьням, гэтак і палітычным, кажа Яўген Меркіс. Спатканьне зь сьвятаром адбывалася ў звычайным кабінэце для допытаў і сустрэчаў з адвакатамі. Там жа можна было і прычасьціцца. Таксама былы палітвязень згадаў, што ў СІЗА па радыё вязьням трансьлявалі казаньні сьвятара, пры гэтым Яўген заўважае, што часам супрацоўнікі ўстановы гэтыя перадачы глушылі. Яшчэ можна было напісаць заяву на атрыманьне іконкі і крыжыка, але без ланцужка, расказаў праваабаронцам «Вясны» былы палітвязень Меркіс.

У шклоўскай калёніі вязьням дазвалялася адзначаць хрысьціянскія сьвяты, але таксама ў залежнасьці ад канфэсійнай прыналежнасьці і інкрымінаваных артыкулаў.

Гэтак, на Каляды і Вялікдзень у спэцыяльным пакоі вязьням дазвалялі глядзець тэлетрансьляцыю сьвяткаваньня, якая звычайна ішла ўжо пасьля адбою. Для гэтага трэба было запісвацца ў асобны сьпіс, які ўзгаднялі супрацоўнікі калёніі.

У калёніі не было забароны чытаць рэлігійную літаратуру, але палітычным вязьням наведваць бібліятэку забаранялі. У выніку, каб пачытаць Сьвятое Пісьмо, «жоўтабірачнікі» дамаўляліся з простымі асуджанымі, каб тыя прынесьлі ім зь бібліятэкі патрэбныя кнігі, расказаў Яўген Меркіс.

«Супольна адзначаць царкоўныя сьвяты таксама было троху рызыкоўна, бо маглі паведаміць у адміністрацыю, што, маўляў, палітычныя сабраліся ўтрох і ладзяць чаяваньне на кухні. Таму мы сьвяткавалі ціха і непрыкметна, па два чалавекі», — згадаў Меркіс.

А вось прыватна маліцца ў атрадзе не забаранялі, кажа былы палітвязень.

Палітвязьняў не пускаюць у цэрквы і малітоўныя пакоі

Паліна Шарэнда-Панасюк, верніца грэка-каталіцкай царквы, за час зьняволеньня пабывала ў розных вязьніцах. Паводле былой палітзьняволенай, адрозьненьні рэлігійнага жыцьця ў гэтых установах істотныя.

У гомельскай калёніі № 4, дзе Паліна правяла некалькі месяцаў, у 2021 годзе яна яшчэ магла наведваць царкву, але сустрэцца зь сьвятаром сваёй канфэсіі ці з рымска-каталіцкім ксяндзом у яе не было магчымасьці. У калёніі № 24 у Зарэччы, дзе Паліна Шарэнда-Панасюк адбывала тэрмін пасьля 2022 году, было яшчэ горш. У гэтай установе няма асобнага будынку для храму, вязьні зьбіраюцца ў невялікім малітоўным пакоі. Але адміністрацыя калёніі не дазваляла Паліне яго наведваць.

«Трапіць туды іншым зьняволеным можна было вельмі рэдка, толькі на вялікія сьвяты. Трэба было асобна запісвацца. Палітзьняволеных там зусім няшмат, і я ні ад кога зь іх ня чула, каб ім дазвалялі хадзіць у царкву. Я разумела, што мяне туды ня пусьцяць, але аднойчы для цікавасьці запісалася ў той сьпіс. Супрацоўнікі сказалі, што іншыя вязьні ўжо пайшлі маліцца, а я нібыта спазьнілася. То бок яны не наўпрост забараняюць, а прыдумляюць розныя хітрыкі», — мяркуе былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

«Біблія ад Дашкевіча»

Як кажа Яўген Меркіс, разам зь ім адбываў пакараньне непалітычны вязень пратэстанцкай канфэсіі, які ў атрадзе маліўся на каленях.

«Таксама ён маліўся ў сталовай. Усе прыйшлі есьці, а ён стаіць як зьніч і моліцца, скрыжаваўшы рукі. І на гэта перашкодаў не было», — расказаў Яўген Меркіс.

Былы палітвязень асобна згадаў пра малітоўнік, якім карысталіся вернікі. Паводле Меркіса, у калёніі ўсе ведалі, што гэты малітоўнік належаў палітычнаму актывісту, пратэстанцкаму верніку Зьмітру Дашкевічу, які ў 2010-х гадах адбываў у шклоўскай калёніі свой першы палітычны тэрмін.

«Хлопцы-старажылы казалі, што гэтая Біблія ад Дашкевіча, бо яна, відаць, была на тарашкевіцы і выдадзена пратэстанцкім выдавецтвам, наколькі памятаю», — сказаў Яўген Меркіс.

Былы палітзьняволены Павал (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) — пратэстанцкі вернік. Ён расказаў пра сваё рэлігійнае жыцьцё ў навасадаўскай калёніі № 14.

«Перад апошнімі гэтак званымі выбарамі прэзыдэнта ў 2024 годзе пратэстантам забаранілі праводзіць служэньні, хоць раней у калёнію прыяжджаў пастар з пратэстанцкай царквы. Звычайна пратэстанцкімі турэмнымі служэньнямі кіруюць людзі, якія раней самі сядзелі, а пасьля пакаяліся і прыйшлі да Бога — яны больш разьбіраюцца ў турэмнай тэматыцы і найперш у людзях, якім прапаведуюць. Душпастыры прыяжджалі зь сьвяточнымі канцэртамі на Каляды, Вялікдзень. Набажэнства ладзілі ў актавай зале. Але перад выбарамі ім усё гэта забаранілі, прычым афіцыйна забарону ніхто з адміністрацыі не тлумачыў. Проста сказалі, што цяпер выбары, зараз такое абвастрэньне, а пасьля нібы будзе палёгка».

Пазьней, у 2025 годзе, Паўлу дазволілі сустрэцца зь вернікамі. Тады зэкі самі праводзілі служэньне, згадаў былы палітвязень. Ён мяркуе, што для калёніі, дзе адбываюць пакараньне паўтары тысячы асуджаных, 50 вернікаў, якія прыйшлі на пратэстанцкае служэньне, — даволі шмат. Былы палітвязень згадаў, што ім дазвалялі сьпяваць псальмы, ладзіць супольныя малітвы і прамаўляць казаньні. Маліцца пратэстантам дазвалялі ў невялічкім памяшканьні бібліятэкі, вельмі рэдка — у актавай зале. Але бывала, што малітвы для вернікаў пратэстантаў заканчваліся сур’ёзным пакараньнем. Гэтак адбылося, калі Павал маліўся, паклаўшыся на падлогу.

«Адзін пратэстанцкі пастар казаў мне, што ён ладзіць такую малітву, калі моліцца супраць камунізму. Я таксама так маліўся, калі трапіў у ШЫЗА. Ну і ў выніку мне яшчэ накінулі 10 дадатковых дзён за тое, што ляжаў на падлозе».

Мусульмане галадаюць у Рамазан

У сакавіку 2024 году пасьля тэракту ў расейскім гандлёвым цэнтры «Крокус Сіці Хол» вязьняў-мусульманаў у шклоўскай калёніі сталі выклікаць на асобныя праверкі і гутаркі да адміністрацыі, згадаў Яўген Меркіс. Паводле яго, ціск на мусульманаў значна ўзмацніўся, у тым ліку іх дадаткова разьмеркавалі па розных атрадах, хоць раней у адным атрадзе бывала да чатырох вызнаўцаў ісламу.

Былы палітвязень Андрэй Чапюк, які адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі № 22, пацьвердзіў, што з таго часу абыходжаньне з мусульманамі стала горшым.

«У нас у атрадзе было некалькі мусульманаў. Калі ў Маскве ў гандлёвым цэнтры адбыўся тэракт, у супрацоўнікаў калёніі пачалася нейкая гістэрыка. Да аднаго непалітычнага вязьня, мусульманіна з Чачэніі, якога раней ніхто ніколі не чапаў, пасьля гэтага тэракту якраз прыйшлі», — згадаў Андрэй Чапюк.

Паводле Андрэя, мусульмане ў івацэвіцкай калёніі часта трапляюць пад перасьлед на рэлігійнай глебе: ім не даюць магчымасьці сустракацца з імамам і не надаюць пакой для малітваў. Мусульмане былі вымушаныя маліцца проста каля тэніснага стала, бо іншага месца для гэтага ў калёніі бракавала.

«Напрыклад, калі адбываецца Рамазан, мусульманам нельга есьці ўдзень. Яны могуць прымаць ежу толькі пасьля захаду сонца і да ўсходу. Але ў калёніі дзейнічаюць строгія правілы ўнутранага распарадку. Там можна харчавацца толькі разам з атрадам у вызначаны час. Пасьля захаду сонца пакой прыёму ежы ўжо зачынены, і мусульмане застаюцца галодныя. Раней ім падчас Рамазану дазвалялі харчавацца ноччу і нават не закрывалі кухню. Пазьней пачаліся шматлікія праверкі і гэта ўсё забаранілі», — расказаў Андрэй Чапюк пра новыя парадкі ў ПК-22.

Таксама зьмены ў харчаваньні тычыліся віда мяса, якое ўжываюць зьняволеныя калёніі. Звычайная мясная ежа там — сьвініна або стравы з дадаваньнем сьвініны, паведаміў Андрэй. Між тым мусульманам згодна зь іхнай рэлігіяй гэтае мяса есьці нельга, таму ім даводзілася праз знаёмых замаўляць у харчовых перадачах дазволеную ежу або знаходзіць іншыя захады. Былы палітвязень расказаў, якіх намаганьняў гэта каштуе мусульманам у калёніі.

«Той чачэнец паўгоду пісаў заявы, каб у турэмную краму завезьлі для продажу курыцу, і ў выніку курынае мяса нарэшце завезьлі і пачалі прадаваць».

Але, палепшыўшы харчовыя ўмовы, супрацоўнікі калёніі пасьля вобшуку сканфіскавалі ў вязьня-мусульманіна дыванок для намазу, расказаў Андрэй Чапюк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG