Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія перавозьнікі, фуры якіх заблякавалі ў Беларусі, праводзяць акцыю пратэсту ў цэнтры Вільні. ФОТА


Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году

Паколькі затрыманыя ў Беларусі фуры літоўскіх перавозьнікаў дагэтуль ня могуць вярнуцца ў Літву, нацыянальная асацыяцыя грузаперавозьнікаў Linava арганізавала 10 сьнежня ў Вільні акцыю пратэсту.

Як паведамляе карэспандэнт Свабоды зь месца падзеяў, літоўскія перавозьнікі, фуры якіх завязьлі ў Беларусі, 10 сьнежня ў цэнтры Вільні праводзяць акцыю пратэсту. У прыватнасьці, каля 50 машын стаяць уздоўж праспэкту Гедзіміна ад Лукіскага пляцу да Сейму Літвы. Каля будынку парлямэнту чакаецца мітынг.

Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году

Тут на акцыю выйшлі каля 50 кіроўцаў і прадпрымальнікаў. Адзін з прадпрымальнікаў расказаў Свабодзе, што ў яго 4 транспартныя сродкі захрасьлі ў Беларусі, ягоныя страты ўжо склалі больш за сто тысяч эўра. Калі так будзе далей, то бізнэс ягоны пад пагрозай, кажа ён. Пры гэтым 95 працэнтаў працаўнікоў у ягонай фірме — беларусы. Прадпрымальнік ня хоча палітызаваць тэму, а хоча разьвязаньня крызісу і аднаўленьня працы.

Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году

Такія думкі выказваюць і іншыя ўдзельнікі пратэсту.

Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году

Паводле прэзыдэнта асацыяцыі Linava Эрландаса Мікенаса, літоўскія перавозьнікі хочуць прыцягнуць увагу ўладаў да сытуацыі з затрыманымі ў Беларусі грузавікамі і паўпрычэпамі і заклікаць іх прыняць канкрэтныя захады.

«Галоўнае пытаньне застаецца нязьменным — нам усё роўна, якім чынам, але літоўскія перавозьнікі павінны вярнуць свае транспартныя сродкі. Для некаторых транспартных кампаніяў кожны дзень — гэта дзень выжываньня», — сказаў Мікенас агенцтву BNS.

«Адначасова мы плянуем падняць пытаньні, зьвязаныя з падатковай сытуацыяй, бо мы трацім пазыцыі ў транспартным сэктары. Калі ў 2023 годзе мы забясьпечвалі 14% валавога ўнутранага прадукту, то сёньня гэта толькі 10%», — дадаў ён.

Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году. На машынах чорныя балёнікі як знак смутку
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня, 10 сьнежня 2025 году. На машынах чорныя балёнікі як знак смутку

Віленская гарадзкая адміністрацыя дазволіла ўдзел у акцыі да 1 тысячы чалавек і 100 грузавікоў.

Linava таксама заявіла, што «катэгарычна дыстанцуецца» ад плянаў перавозьнікаў, якія не ўваходзяць у асацыяцыю, правесьці акцыю пратэсту, перакрыўшы вуліцы Вільні і шашу на Коўна.

Нягледзячы на адкрытую мяжу, менскі рэжым не дазваляе літоўскім грузавікам выяжджаць з краіны і адпраўляе іх на спэцыяльныя пляцоўкі, дзе за кожную грузавую машыну або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра, а таксама абяцае сканфіскаваць іх пасьля 4 месяцаў стаянкі.

Linava паведамляе, што з пачатку крызісу страты ў перавозках грузаў, паводле ацэнак транспартных кампаніяў, ужо дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць штодня.

  • Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю.
  • Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвой мяжы забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта.
  • Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі.
  • Беларускі бок патрабуе палітычных, а не тэхнічных перамоваў на гэтую тэму.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG