Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы «Вясны» высьветлілі імёны яшчэ пецярых украінцаў, вызваленых пры канцы лістапада


Вызваленая зь беларускай турмы Марыя Місюк і кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў. Мяжа Беларусі і Ўкраіны, 22 лістапада 2025 году
Вызваленая зь беларускай турмы Марыя Місюк і кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў. Мяжа Беларусі і Ўкраіны, 22 лістапада 2025 году

Праваабарончы цэнтар «Вясна» даведаўся імёны яшчэ пецярых украінцаў, асуджаных у Беларусі па палітычных матывах, якія выйшлі на волю 22 лістапада.

Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», сярод трох дзясяткаў памілаваных 22 лістапада ўкраінцаў толькі дзесяць затрыманых і асуджаных па палітычных матывах.

22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Ўкраіны, якія ўтрымліваліся ў месцах няволі Беларусі.

Раней паведамлялася аб вызваленьні пяці палітвязьняў: 18-гадовай Марыі Місюк, асуджанай да 13 гадоў калёніі; Міхаіла Сталярчука, асуджанага за «агентурную дзейнасьць» да шасьці гадоў зьняволеньня; Лідзіі Грук, затрыманай і асуджанай разам з мужам, які застаўся за кратамі ў Беларусі; Аляксандра Катовіча, асуджанага за камэнтары да пяці гадоў калёніі; Анастасіі Кашчынай, асуджанай па «справе Гаюна».

Праваабаронцы даведаліся імёны яшчэ пяцёх вызваленых. Гэта Сяргей Кузьміч, Аляксандр Крывіч, Надзея Нікалаюк, Касьян Кулікоўскі, Сьвятлана Міронава. У чым іх абвінавачвалі, праваабаронцам невядома.

«Вясна» пісала пра палітычны перасьлед Надзеі Нікалаюк. Па інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну з трэцяй стадыяй анкалёгіі пратрымалі ў ізалятары на Акрэсьціна ў дэпартацыйнай камэры 57 сутак. 26 сьнежня 2024 года яе перавялі ў СІЗА КДБ. Адтуль жанчыну пад канвоем вазілі на хіміятэрапію, але яна выбілася з графіка ў тры тыдні. Жанчыне казалі, што яе перавядуць у СІЗА КДБ у Берасьце, але іншыя зьняволеныя потым яе бачылі ў СІЗА ў Калядзічах.

«Вядома, што Надзею абвінавачвалі ў „агентурнай дзейнасьці“ — нібыта яна перадавала дадзеныя ва Ўкраіну. Зараз Надзея на волі ва Ўкраіне, але яе дом застаўся ў Беларусі, дзе яна пражыла 20 гадоў з відам на жыхарства», — піша «Вясна».

Пра астатніх чатырох вызваленых украінцаў праваабаронцы высьвятляюць абставіны палітычнага перасьледу ў Беларусі.

Сьпіс грамадзянаў Украіны для вызваленьня фармавалі ўлады Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG