Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН асудзілі вываз зь Беларусі былых палітвязьняў: «Вядзе да рызыкі страты грамадзянства»


Адзін з аўтараў звароту, спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, архіўнае фота
Адзін з аўтараў звароту, спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, архіўнае фота

Экспэрты ААН па правах чалавека асудзілі прымусовае выгнаньне зь Беларусі былых палітвязьняў і заклікалі ўлады тэрмінова ўнесьці ў заканадаўства папраўкі, якія дазволяць зьменшыць «рызыку страты грамадзянства».

8 сьнежня група экспэртаў па правах чалавека ААН выступіла з заявай, у якой асудзіла нядаўнюю дэпартацыю ў Літву вызваленых з месцаў пазбаўленьня волі беларускіх палітвязьняў.

Экспэрты ААН заявілі, што такое выгнаньне парушае шэраг правоў чалавека, у тым ліку права на грамадзянства, свабоду перамяшчэньня і права не цярпець ад адвольнага або незаконнага ўмяшаньня ў прыватнае жыццё.

Заяву падпісалі Нілс Муйжніекс, спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, Ірэн Хан, спэцыяльная дакладчыца ААН па пытаньні аб праве на свабоду меркаваньняў ды іх свабодным выказваньні, Джына Рамэра, спэцыяльная дакладчыца ААН па пытаньні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый і Бэн Сол, спэцыяльны дакладчык ААН па абароне правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам.

11 верасьня 2025 году Аляксандр Лукашэнка памілаваў 52 палітвязьняў. У той жа дзень іх прымусова пад аховай вывезьлі да мяжы з Літвой. Усе, акрамя Мікалая Статкевіча, які адмовіўся выяжджаць з Беларусі, былі дэпартаваныя ў Літву. У 14 высланых беларусаў канфіскавалі дакумэнты, якія сьведчаць асобу, а адзін чалавек меў пратэрмінаваны пашпарт, яшчэ адзін несапраўдны пашпарт з вырванымі старонкамі.

Экспэрты ААН у сваёй заяве асудзілі практыку высылкі палітвязьняў зь Беларусі.

«Высылка краінай уласных грамадзян і адвольная канфіскацыя іх дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, парушаюць шэраг правоў чалавека, у тым ліку права на грамадзянства, свабоду перасоўваньня і права не зазнаваць адвольнае або незаконнае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё», — заявілі экспэрты ААН.

«Гэтыя чарговыя захады, прынятыя беларускімі ўладамі, вядуць да рызыкі безграмадзянства», — мяркуюць экспэрты і нагадваюць аб канстытуцыйных і заканадаўчых папраўках 2022 і 2023 гадоў, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства пасьля завочнага асуджэньня без справядлівага судовага разбору за «экстрэмізм» або за прычыненьне «сур’ёзнай шкоды інтарэсам Беларусі».

Экспэрты ААН таксама зьвярнулі ўвагу на ўказ Лукашэнкі ад 2023 года, паводле якога ў беларускіх консульскіх службах спынілі выдачу і прадаўжэньне дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу. Экспэрты адзначылі, што ўсе гэтыя захады супярэчаць мэтам Канвэнцыі 1954 года аб статусе апатрыдаў і Канвэнцыі 1961 года аб скарачэньні асобаў без грамадзянства — дамоваў, якія Беларусь пагадзілася ратыфікаваць падчас Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў 2020 годзе. Экспэрты таксама заклікалі афіцыйны Менск:

«Мы заклікаем улады неадкладна адмяніць усе заканадаўчыя, нарматыўныя і праваахоўныя захады, якія вядуць да рызыкі страты грамадзянства, і спыніць прыняцьце падобных захадаў. У прыватнасьці, неабходна тэрмінова ўнесьці папраўкі ў нацыянальнае заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, якое супярэчыць міжнароднаму праву ў галіне правоў».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG