Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія перавозьнікі, фуры якіх заблякавалі ў Беларусі, заплянавалі акцыі пратэсту на трасе М1 і ў цэнтры Вільні

Літоўскія фуры, заблякаваныя ў Беларусі, на стаянцы ў пункце пропуску Беняконі
Літоўскія фуры, заблякаваныя ў Беларусі, на стаянцы ў пункце пропуску Беняконі

У Асацыяцыі перавозьнікаў Літвы заявілі, што на наступным тыдні перавозьнікі плянуюць пратэст на праспэкце Гедзіміна ў Вільні. А незалежныя перавозьнікі хочуць перакрыць трасу М1 пад Мар’ямпалем.

Як паведамляе Delfi, літоўскія перавозьнікі, фуры якіх завязьлі ў Беларусі, плянуюць акцыю пратэсту.

«Паколькі расьце незадаволенасьць і гнеў сярод незалежных перавозьнікаў, якія ня могуць вярнуць свае грузавікі зь Беларусі, асацыяцыя Linava плянуе правесьці акцыю пратэсту ў Вільні 10 сьнежня. Перавозьнікі шумяць, у асноўным тыя, хто не ўваходзіць ні ў якія асацыяцыях. Мы бачылі, што яны плянуюць перакрыць трасу М1 пад Марʼямпалем. Таму, каб адцягнуць іх увагу і прымусіць адмовіцца ад падобных плянаў, мы арганізуем мірную акцыю на праспэкце Гедзіміна», — сказаў Эрландас Мікенас, прэзыдэнт асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava.

«Мы падалі заяўку на 10 сьнежня. У сераду мы абмяркуем яе ва ўрадзе і тады паглядзім, ці атрымаем мы гэтую дату», — дадаў ён.

Паводле прэзыдэнта Linava, галоўная мэта асацыяцыі — дабіцца таго, каб перавозьнікі не блякавалі вуліцы і тым самым не перашкаджалі рабоце сваіх калегаў, а таксама не стваралі нязручнасьцяў для грамадзян.

«Мы паставілі пытаньне перад незалежнымі перавозьнікамі: каго вы заблякуеце пад Марʼямпалем? Напэўна, тых жа сваіх калегаў, якія едуць у Заходнюю Эўропу, або мы створым нязручнасьці для грамадзян, чыя думка аб перавозьніках і так дрэнная», — прызнаў Мікенас.

Ён кажа, што з пачатку крызісу ў перавозках грузаў страты, паводле ацэнак транспартных кампаній, ужо дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць штодня.

«Пратэставаць хочуць тыя, хто ня можа вярнуць сваіх транспартных сродкаў. Мы пачалі падлічваць страты, лічбы жахлівыя — мы набліжаемся да 100 млн эўра, і гэтая лічба расьце з кожным днём. Акрамя таго, ёсьць штодзённая страта даходу — кожная фура, якая зараз прастойвае, звычайна прыносіць каля 10 тыс. эўра даходу ў дзень», — заявіў кіраўнік Linava.

Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвой мяжы забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта. Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі. Беларускі бок патрабуе пачатку палітычных перамоваў на гэтую тэму.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG