Як паведамляе Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызісамі, навігацыйныя сыстэмы паблізу аэрапорту выявілі кантрабандныя паветраныя балёны, якія маглі трапіць у паветраную прастору краіны зь Беларусі. Пра гэта паведамляе Delfi.
«Праз рызыкі для цывільнай авіяцыі праца Віленскага аэрапорту была прыпыненая а 18:55. Папярэдне на тры гадзіны. Мы рэкамэндуем пасажырам сачыць за інфармацыяй, якую публікуюць аэрапорт і авіякампаніі», — паведамляў Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызісамі.
Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы зьнялі 24 лістапада прыблізна а 00:25.
Аднак затым службы бясьпекі лётнішча, імаверна, зноў заўважылі аэрастаты. З 1:40 аэрапорт зноў прыпыніў сваю працу. Паводле папярэдняй інфармацыі, рашэньне абмежаваць паветраную прастору было таксама абумоўлена навігацыйнымі пазнакамі, характэрнымі для паветраных балёнаў, якія рухаліся ў кірунку Віленскага аэрапорту.
Другім разам абмежаваньні паветранай прасторы былі зьнятыя на лётнішчы каля 3:25.
Як паведаміла радыёстанцыя LRT, праз закрыцьцё Віленскага аэрапорту было скасавана прынамсі пяць рэйсаў, а іншыя адкладзеныя ці накіраваныя ў іншыя аэрапорты.
Віленскі аэрапорт рэгулярна цярпіць ад пралёту паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Іх запускаюць зь Беларусі, паміж сабою супрацоўнічаюць беларускія і літоўскія кантрабандысты. Улады Літвы часта прызнаюцца, што не знаходзяць балёнаў і тавару, якія пáдаюць на іх тэрыторыі.
Праз рэгулярныя прылёты аэрастатаў Віленскі аэрапорт часта закрывалі на некалькі гадзін, таксама шкоды зазнаваў і Ковенскі аэрапорт. Літоўскі ўрад закрываў памежныя пункты пропуску ў Медніках і Салечніках, абвясьціўшы мяжу закрытай да 30 лістапада, але адкрыў яе датэрмінова, 20 лістапада. Тады ўрадоўцы заявілі, што балёнаў прылятае ўжо менш і прынятыя захады бясьпекі нібыта больш ня маюць сэнсу. Пасьля адкрыцьця пунктаў пропуску балёны, аднак, прылятаюць надалей.
У Латвіі знайшлі мэтэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі
Мэтэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія заляцелі зь Беларусі, знайшлі напярэдадні ў Латвіі, паведаміў міністар унутраных справаў краіны Рыхардс Козлаўскіс.
Паводле яго, зь вечару 23 лістапада латыскім сілавікам удалося перахапіць сем балёнаў, кожны зь якіх транспартаваў каля 60 тысяч кантрабандных цыгарэт.
«Праца працягваецца, аб’ёмы ўдакладняюцца, але фэномэн такі існуе», — канстатаваў Козлаўскіс, якога цытуе Delfi.
Міністар заклікаў жыхароў, пабачыўшы аэрастаты, не чакаць іх прызямленьня і не спрабаваць іх зьбіць, а паведамляць адпаведным органам.
Паводле кіраўніка МУС Латвіі, органы ўнутраных спраў краіны супрацоўнічаюць з калегамі зь Літвы і Польшчы. Ужо адбыліся некалькі сустрэчаў дзеля абмену досьведам пра тое, як процістаяць гэтаму.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум