Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні ўладаў Менскай вобласьці, цяпер права адстрэльваць дзікоў маюць толькі 20 арганізацыяў. У 2024 годзе такіх было 33.
Сярод такіх арганізацыяў — рэгіянальныя аддзяленьні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, лясныя гаспадаркі, установы запаведнікаў, прадпрыемствы кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама прыватная мэблевая фабрыка «Лагуна» і Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт.
Мэблевай фабрыкай «Лагуна» валодае Ўладзіслаў Дзям’янец. Прадпрыемства мае 4 вытворчыя пляцоўкі ў Баранавічах, Слуцку, Жлобіне і Косаве. Фабрыка, у сваю чаргу, валодае прыватнай паляўнічай гаспадаркай у Клецкім раёне Менскай вобласьці, яе плошча перавышае 60 тысяч гектараў.
Дзікоў у Беларусі прыкметна паменела пасьля 2013 году праз адстрэл пры барацьбе з афрыканскай чумой сьвіней. У 2019 годзе папуляцыя складала 1,5–2 тысячы асобін, а да пачатку 2025 году дасягнула прыблізна 8 тысяч.
У 2013 годзе папуляцыя дзікоў налічвала амаль 83 тысячы асобін.
Форум