Аднаго з чатырох пацярпелых ад выбуху на «Беларуськаліі» перавялі на амбуляторнае лекаваньне

Супрацоўнікі прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі паведамілі, што аднаго з чатырох пацярпелых у інцыдэнце на прадпрыемстве «Беларуськалій» перавялі на амбуляторнае лекаваньне.

Як адзначаецца ў паведамленьні, яшчэ два пацярпелыя па-ранейшаму знаходзяцца на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Лекары адзначылі станоўчую дынаміку стану пацярпелай жанчыны.

31 кастрычніка на прамысловай пляцоўцы цэху мэмбраннага электролізу 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» разарвалася ёмістасьць з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла таксама суседні рэзэрвуар «з аналягічным хімічным растворам», утварыўся выцек кіслаты.

Ад хімічных апёкаў і траўмаў пацярпелі чацьвёра работнікаў — адна жанчына і трое мужчын. Спачатку дваім зрабілі апэрацыі ў салігорскім шпіталі, потым усіх перавезьлі ў шпіталь у Менску. Тут дактары правялі кансыліюм, дзе вызначылі тактыку далейшага лекаваньня.

Крымінальную справу завялі 1 лістапада паводле ч. 1 арт. 306 (парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі, прамысловай санітарыі ці іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананьне, якое пацягнула зь неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня).

​
XS
SM
MD
LG