Навіны палітвязьняў: ад Калесьнікавай пасьля доўгага перапынку прыйшоў ліст з турмы

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

На 19 жніўня ў Беларусі былі як мінімум 1204 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш. Свабода працягвае сачыць за тым, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі.

Каманда Віктара Бабарыкі апублікавала частку першага, як яна адзначыла, за 2,5 года ліста, які ўдалося атрымаць ад Марыі Калесьнікавай.

«Я асабліва часта думаю пра тое, як нам з Танечкай пашанцавала быць вашымі і мамінымі дочкамі. З самага нараджэньня вы акружылі нас такой любоўю, аб якой толькі марыць можна! Вы дарылі нам з Танечкай адно аднаго і навучылі нас любіць і сябраваць.

Штораніцы гляджу ў ранішняе, а ўвечар у зорнае неба, успамінаю вас і ўсіх дужа-моцна абдымаю! І заўсёды адчуваю вашыя любоў і клопат, якія мяне абараняюць і ўсяляюць упэўненасьць, што мы вытрымаем усё.

Час нашай сустрэчы няўмольна набліжаецца — і гэта будзе самы шчаслівы дзень», — напісала Марыя.

43-гадовая палітзьняволеная адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Раней яе каралі пераводам у памяшканьне камэрнага тыпу і штрафны ізалятар.

Пры гэтым у верасьні сёлета сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч гаварыла, што ад Марыі прыходзіў ліст «паўгода таму».

​
XS
SM
MD
LG