«Бяляцкі — зорка на небасхіле Беларусі», — сьпікер Сейма Літвы адкрыў выставу пра зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата. ФОТА

Фотавыставу пра палітвязьня, беларускага праваабаронца Алеся Бяляцкага ў Сейме Літвы. Вільня, 25 верасьня 2025
Фотавыставу пра палітвязьня, беларускага праваабаронца Алеся Бяляцкага ў Сейме Літвы. Вільня, 25 верасьня 2025

25 верасьня 2025 у Сейме Літвы адкрылі фотавыставу пра палітвязьня, беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, якому сёньня споўнілася 63 года.

Цырымонію ў Сейме адкрыў сьпікер літоўскага парлямэнту Юозас Олекас, які назваў Алеся Бяляцкага "зоркай на небасхіле Беларусі" і адзначыў вялікую ролю праваабарончага цэнтра «Вясна», заснаванага Бяляцкім, у абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Выступае Юозас Олекас
Выступае Юозас Олекас

На выставе прадстаўленыя фатаздымкі, якія расказваюць пра праваабарончую дзейнасьць Алеся Бяляцкага, яго сустрэчы, размовы зь вядучымі палітыкамі сьвету, змагарамі за дэмакратыю ў розных кутках Эўропы.

Выстава, прысьвечаная Алесю Бяляцкаму, у Сейме Літвы
Выстава, прысьвечаная Алесю Бяляцкаму, у Сейме Літвы

Сярод іншых Бяляцкі сустракаўся з чэскім прэзыдэнтам Вацлавам Гаўлам, атрымліваў зь ягоных рук ганаровую прэмію, бачыўся зь першым прэзыдэнтам дэмакратычнай Польшчы Лехам Валэнсам, меў шматлікія сустрэчы зь першым сьпікерам Сейму незалежнай Літвы Вітаўтасам Ландсбэргісам, кантактаваў з дыпляматамі, парлямэнтарамі, палітыкамі ў розных краінах сьвету.

Гэта дапамагала справе абароны правоў чалавека ў Беларусі, адзначыў Юозас Олекас, які мяркуе, што Алесь Бяляцкі карыстаецца вялікім аўтарытэтам у сьвеце.

Выступае Юозас Олекас
Выступае Юозас Олекас

«Але за лёсам Бяляцкага сочаць і тысячы простых людзей, яны далучаюцца да патрабаваньня палітыкаў тэрмінова вызваліць яго і ўсіх палітвязьняў Беларусі», — сказаў Юозас Олекас.

У будучым годзе «Вясна» адзначыць 30 год зь дня заснаваньня. Пра гэта нагадаў сьпікер Сейму Юозас Олекас і выказаў спадзеў, што свой юбілей «Вясна» сустрэне разам зь яе кіраўніком Алесем Бяляцкім.

На выставе
На выставе

«Вызваленьне кожнага беларускага палітвязьня для нас вельмі важнае, але пакуль выйшла на волю толькі маленькая частка з усёй колькасьці рэпрэсаваных, да таго ж зьяўляюцца новыя палітвязьні. Важна ўсім дамагацца, каб рэпрэсіі ў Беларусі спыніліся і на волю выйшлі ўсе больш як тысяча палітвязьняў», — сказаў Юозас Олекас.

Паводле літоўскага палітыка, краіны Эўразьвязу будуць і далей змагацца за вызваленьне нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Беларускі палітык Аляксандр Дабравольскі на адкрыцьці фатавыставы падзякаваў кіраўніцтва Сейма Літвы і ўлады краіны за падтрымку беларусаў у іх змаганьні за дэмакратыю.

«Літоўскі прыклад паказвае, што людзей, які прагнуць волі, немагчыма стрымаць і перамагчы. Мы працягваем змаганьне і я веру, што мы адзначым перамогу разам з Алесем Бяляцкім», — сказаў дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай на адкрыцьці фатавыставы ў Сейме Літвы.

Праваабаронца «Вясны» Канстанцін Старадубец у сваім выступе падкрэсьліў, што Алесь Бяляцкі ня толькі заснавальнік праваабарончай арганізацыі, але і адзін з пачынальнікаў беларускага дэмакратычнага руху і руплівы абаронца беларускай ідэнтычнасьці, культуры і мовы.

Людвіка Кардзіс
Людвіка Кардзіс

У адкрыцьці фатавыставы, прысьвечанай Алесю Бяляцкаму, прынялі ўдзел дэпутаты Сейму, літоўскія і беларускія палітыкі, праваабаронцы.

  • 25 верасьня Алесю Бяляцкаму споўнілася 63 гады. Пяты раз пасьля апошняга арышту і суду над ім Бяляцкі сустракае дзень народзінаў за кратамі.
  • Як стала вядома Свабодзе, зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата гэтым летам вазілі на апэрацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Менскам.
  • Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронца Алесь Бяляцкі ў зьняволеньні зь ліпеня 2021 году, ён адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці. Алесь асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.

Іншыя замежныя акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага

  • У сталіцы Швэцыі Стакгольме праваабаронцы з Ostgruppen і RightLivelyhood зладзяць акцыю і адкрыцьцё нашай арт-інсталяцыі «Нязломныя».
  • У Цюрыху (Швайцарыя) пройдзе прысьвечаная Алесю адмысловая начная імша. Акцыю ладзяць актывісты Libereco, а таксама ініцыятывы RAZAM, ACAT, Campax і Amnesty International.
  • У Варшаве калегі-праваабаронцы і працаўнікі кавярні Karma (Aleja 3 Maja), якая раней працавала ў Менску, з 25 верасьня пачнуць раздаваць наведнікам гарбузы «ад Алеся» і частаваць усіх ахвочых цёплым гарбузовым супам. Вядома, што ў вольны ад працы час Алесь вырошчваў на лецішчы кветкі, садавіну і гародніну, а ўвосень прыносіў уласнымі рукамі вырашчаныя гарбузы і дзяліўся імі з паплечнікамі і сябрамі. Акцыю ладзіць «Вясна» разам з камандай ініцыятывы release:now.
​
XS
SM
MD
LG