Эўрапейскі зьвяз прапанаваў чарговае ўзмацненьне санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі за ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў праекце рашэння Рады ЭЗ і ў суправаджальных дакументах Эўракамісіі, датаваных 19 верасьня 2025 году, якія Радыё Свабода атрымала ад крыніцаў у Брусэлі.
Новы, 19-ы пакет прадугледжвае:
Забарону на доступ беларускіх грамадзян і кампаній да крыпта-кашалькоў, электронных грошай і шэрагу плацежных сэрвісаў. Беларусам будзе таксама забаронена займаць кіраўнічыя пасады ў кампаніях ЭЗ, якія займаюцца крыпта-актывамі.
Абмежаваньні на праграмнае забесьпячэньне і тэхналёгіі: пад санкцыі трапляюць кампутарныя сыстэмы кіравання прадпрыемствамі, праграмнае забесьпячэньне для прамысловага дызайну і вытворчасьці, банкаўскія і фінансавыя праграмы, а таксама паслугі ў сфэры штучнага інтэлекту, высокапрадукцыйных вылічэнняў, квантавых тэхналёгій і камэрцыйнага спадарожнікавага назіраньня.
Забарону на экспарт у Беларусь тавараў і матэрыялаў, якія могуць узмацніць прамысловыя і вайсковыя магчымасці краіны. Сярод іх — шынная і гумовая прадукцыя, мэталы і сплавы, электронныя кампанэнты, аптычныя прыборы, будаўнічыя матэрыялы, транспартныя сродкі і судны.
Удар па даходах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: пад поўную забарону трапляе імпарт усіх ацыклічных вуглевадародаў (гэтыя хімічныя злучэньні, у прыватнасьці, складаюць асноўную частку прыроднага газу і нафты). Гэта, паводле Брусэлю, павінна скараціць валютныя паступленьні ў беларускі бюджэт.
Разам з тым, санкцыйны пакет прадугледжвае гуманітарныя выключэньні: дазволеныя пастаўкі харчоў, угнаеньняў, мэдыкаментаў і мэдычных прыладаў, а таксама дзеяньні, неабходныя для судовых і арбітражных працэсаў у краінах ЭЗ.
У дакумэнтах адзначаецца, што санкцыі зьяўляюцца адказам на працяг «падтрымкі, якую беларускі рэжым аказвае агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», і накіраваныя на тое, каб не дапусьціць узмацненьня «вайсковага, тэхналягічнага і прамысловага патэнцыялу Беларусі».
Форум