Польшча разьлічвае на дапамогу Кітаю ў крызісе на беларускай мяжы, — кіраўнік МЗС Сікорскі

Радаслаў Сікорскі і Ван І
Радаслаў Сікорскі і Ван І

Гэта адзін з вынікаў нядаўняй сустрэчы міністраў замежных справаў дзьвюх дзяржаваў.

У Варшаве 16 верасьня прайшла сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы і Кітаю Радаслава Сікорскага і Ван І. Галоўнай тэмай перамоваў, імаверна, было спыненьне рэжыму закрыцьця мяжы Польшчы і Беларусі, бо такое блякаваньне вельмі замінае даставам кітайскіх тавараў у Эўропу.

Сікорскі заявіў, што яго сустрэча з «кітайскім калегам прайшла вельмі плённа» — у прыватнасьці, удалося разьвязаць шэраг пытаньняў наконт экспарту.

Але Сікорскі падкрэсьліў, што ў пытаньні беларускай мяжы Польшча займае цьвёрдую пазыцыю .

«Калі Кітай дапаможа нам, як ён гэта калісьці зрабіў, спыніць беларускія правакацыі, мяжа будзе адкрытая», — напісаў Сікорскі ў сетцы Х.

У сваім выступе ў польскай тэлевізіі кіраўнік польскага МЗС адзначыў, што ў мінулым Кітай дапамог у пытаньні «сухаземнага порту» ў Малашэвічах — буйнога польскага чыгуначнага вузла на мяжы зь Беларусьсю.

«І я спадзяюся, што Кітай зноў дапаможа, гэтым разам надоўга. Гэта, у пэўным сэнсе, вельмі проста. Каб мяжа была адкрытай, там ня могуць бясчынстваваць нейкія групы псэўдаўцекачоў, якіх прапіхвае Лукашэнка», — сказаў Сікорскі.

Тым часам у ноч з 17 на 18 верасьня польскія памежнікі перадухілілі звыш 80 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы, 6 чалавек затрымалі. У польскія патрулі зноў кідалі камянямі.


​
XS
SM
MD
LG