«Я заўсёды імкнуўся зрабіць усё для таго, каб у нас былі добрыя дачыненьні. Я заўсёды да гэтага імкнуўся. Што зь мяне возьмеш. Я заўсёды гатовы да гэтага», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА 17 верасьня адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне, калі могуць палепшыцца дачыненьні з Польшчай і краінамі Балтыі, якое яму задалі на сустрэчы з ідэалягічным актывам.
Ён дадаў, што менавіта праз занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад-2025» ініцыяваў перанос іх правядзеньня ўглыб Беларусі.
«Гэта было маё асабістае рашэньне — адысьці ад мяжы. Не правакаваць іх», — паведаміў ён.
Лукашэнка выказаў думку, што Польшча шукала нагоду для закрыцьця мяжы.
«Яны даўно шукаюць, на чым тут справакаваць. Але не выходзіць. Мы бязьвіз (уводзім): „Калі ласка, прыяжджайце!“. А яны выбудоўваюць сьцяну на мяжы. І яшчэ закрываюць мяжу. Ім нешта трэба. Мая галоўная задача — не дапусьціць, ня даць ім ня тое што нагоду — яны яе знойдуць заўсёды. А прычыны быць не павінна», — адзначыў ён.
У той жа час ён заявіў, што «трэба расказваць і перарваць гады маўчаньня пра тое, якія цяжкі сьлед пакінула польская ўлада на беларускіх землях, адарваных ад савецкай рэспублікі».
«Што б ні адбывалася сёньня, мы ня лічым памылкай тое, што шмат гадоў імкнуліся жыць з суседзямі ў міры, ня кідаць у аблічча непрыемныя для іх гістарычныя факты. Ну што тут шкадаваць пра гэта? Пакуль мы думалі пра сяброўства, там з нас рабілі недачалавекаў і адкрытых ворагаў. І ў культуры, і ў навуцы, і ў сродках масавай інфармацыі. У выніку выпрацавалі тую палітыку, якую сёньня маем», — сказаў Лукашэнка.
Форум