Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна бітвы пад Воршай, Дзень беларускай вайсковай славы

Бітва пад Воршай, карціна, аўтарам якой лічаць Ганса Крэля, XVI стагодзьдзе
Бітва пад Воршай, карціна, аўтарам якой лічаць Ганса Крэля, XVI стагодзьдзе

Падзеі 8 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне, адбылася найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў, у якой войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI ст. Перамога ў ёй дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў.

У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва цяпер адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.

Першае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 году ў Менску зладзіла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне». Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах. У 1991 годзе на Крапіўне зладзілі фэстываль беларускай аўтарскай песьні «Аршанская бітва».

Таксама ў гэты дзень

1380 — адбылася Кулікоўская бітва, войскі Маскоўскага княства на чале зь Дзьмітрыем Данскім перамаглі войска Залатой Арды.

1430 — дзень, на які была прызначаная каранацыя вялікага князя Вітаўта, праз інтрыгі з дастаўкай кароны давялося перанесьці, неўзабаве Вітаўт памёр.

1581 — войскі Рэчы Паспалітай на чале з Стэфанам Баторыем штурмавалі Пскоў і захапілі дзьве вежы, аднак узяць добра ўмацаваны горад не змаглі. 15 студзеня 1582 году будзе падпісаны Ям-Запольскі мір, Масква адмовіцца ад прэтэнзіяў на Інфлянты і Полацкую зямлю. Рэч Паспалітая аддасьць Вялікія Лукі, Невель і Варонеч. Пскоў застанецца маскоўскім.

1655 — швэдзкія войскі занялі Варшаву.

1708 — расейскія войскі на загад расейскага цара Пятра I спалілі Магілёў.

1941 — пачатак блякады Ленінграду.

1973 — перакрытая рака Вяльля, створанае самае вялікае ў Беларусі Вялейскае вадасховішча.

1989 — заснавалі Народны Рух Украіны.

1990 — у Полацку адкрыўся Музэй беларускага кнігадруку.

1991 — каля 95% выбарцаў прагаласалавалі за незалежнасьць Македоніі на рэфэрэндуме. Цяпер 8 верасьня сьвяткуюць Дзень незалежнасьці Македоніі.

1992 — на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга на вернасьць Бацькаўшчыне вялікага мноства дзейных афіцэраў і афіцэраў запасу. Былыя савецкія вайскоўцы такім чынам станавіліся абаронцамі Беларусі. Наладзілі прысягу дэпутаты Апазыцыі БНФ і Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў.

Прысяга вайскоўцаў і афіцэраў запасу, 8 верасьня 1992
Прысяга вайскоўцаў і афіцэраў запасу, 8 верасьня 1992

2020 — Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады Марыя Калесьнікава на мяжы парвала свой пашпарт, прадухіліўшы сваю высылку з краіны.

Марыя Калесьнікава, Менск, 22 жніўня 2020
Марыя Калесьнікава, Менск, 22 жніўня 2020

2020 — у Беларусі адбыліся стыхійныя «Маршы ў падтрымку рэпрэсаваных». Шмат людзей тады затрымалі.

У гэты дзень нарадзіліся

1907Ісідар Балоцін, артыст опэры (лірычны тэнар), народны артыст Беларусі.

1910Жан-Люі Баро, францускі актор і рэжысэр.

1922 Альгерд Малішэўскі, беларускі мастак-жывапісец.

1938Анатоль Грачанікаў, беларускі паэт, перакладчык.

1960Сяржук Цімохаў, беларускі мастак.

Сяржук Цімохаў
Сяржук Цімохаў

1967Ганна Кісьліцына, беларуская літаратуразнаўца і крытык.

Памерла

2003 Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка, стваральніца найвядомейшых прапагандысцкіх фільмаў нацысцкай Нямеччыны

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG