Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень сьмерці Міколы Ільляшэвіча

Мікола Ільляшэвіч
Мікола Ільляшэвіч

Падзеі 2 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

2 верасьня 1934 году заўчасна памёр ад сухотаў Мікола Ільляшэвіч, дзяяч беларускага руху, гісторык, псыхоляг, настаўнік, выдавец. Адзін зь першых дасьледнікаў, які востра падняў пытаньне аб нэгатыўным уплыве палітыкі Расейскай імпэрыі на землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Разам з братам, вядомым у будучыні паэтам і палітычным дзяячом Хведарам, скончыў Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам (будучы старшыня Рады БНР). Браў удзел у рэдагаваньні моладзевага часопісу «Маладое жыцьцё», там упершыню пачаў друкавацца сам. Па сканчэньні гімназіі ў 1923-м паступіў у Праскі ўнівэрсытэт.

У 1925-м стаў адным з сузаснавальнікаў і першым старшынёю Беларускага культурна-асьветніцкага таварыства імя Францішка Скарыны. Абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Беларусь як адметная цэласьць з антрапагеаграфічнага гледзішча (з улікам гісторыі і этнаграфіі)».

Таксама ў гэты дзень

1192 — скончыўся трэці крыжовы паход, кароль Рычард Львінае Сэрца і султан Саладын заключылі перамір’е.

1945 — капітуляцыяй Японіі скончылася Другая сусьветная вайна.

1971 — Аб’яднаная Арабская Рэспубліка зьмяніла назву на Арабскую Рэспубліку Эгіпет. ААР у 1958 годзе стварылі Сырыя і Эгіпет, але Сырыя выйшла зь яе ўжо ў 1961 годзе пасьля вайсковага перавароту.

1991 — Абвешчана Нагорна-Карабаская Рэспубліка (спыніла існаваньне 1 студзеня 2024 году).

1996 — ва Ўкраіне ўвялі нацыянальную валюту — грыўню.

1998 — у Віцебску арыштаваны Ўладзімер Плешчанка за нібыта крадзеж бюста Суворава. Справа развалілася ў судзе, і актывіста выпусьцілі 29 сакавіка 1999 году, не асудзіўшы, але і не апраўдаўшы.

2020 — з Купалаўскага тэатру звольніўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Усяго пасьля звальненьня дырэктара тэатру Паўла Латушкі напісалі заявы на звальненьне 42 акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру.

У гэты дзень нарадзіліся

1943 — Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія леглі ў падмурак прынятай 25 жніўня 1991 году пастановы пра наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце сілы канстытуцыйнага закону. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11–12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. Памёр 22 жніўня 2014 году.

Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі. 1990 год.
Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі. 1990 год.

1955 — Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзеяч.

У памяці

1800 — Мацей Радзівіл, беларускі драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэтаў, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1814 — Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Горадзенскай мэдычнай акадэміі.

1973 — Джон Рональд Руэл Толкін, брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.

1998 — Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.

1998 — Ян Матусевіч, рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG