Даты дня
13 жніўня 1500 году Менскі абраз Багародзіцы зьявіўся на Сьвіслачы каля замка.
13 жніўня 1950 году нарадзіўся Пятро Краўчанка, беларускі палітык, дыплямат, гісторык і калекцыянэр, першы міністар замежных справаў незалежнай Беларусі. Шмат спрычніўся да ўшанааньня памяці Францішка Скарыны за мяжой.
13 жніўня 1956 году памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас, грамадзкі дзяяч, перакладчык, пэдагог. Колас лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.
Таксама ў гэты дзень
1920 — падчас польска-савецкай вайны пачалася Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага затрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія адбыліся пасьля Варшаўскай бітвы, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.
1942 — зьнішчанае Мірскае гета — забітыя больш за 600 апошніх габрэяў.
2020 — паўтысячы зьняволеных выйшлі на мітынг пратэсту ў Бабруйскай калёніі.
У гэты дзень нарадзіліся
1750 — Ксаверы Карніцкі, падарожнік, у 1774–1789 жыў у Чылі. Першы вядомы ліцьвін, які ў 1790 годзе наведаў Аўстралію.
1860 — Мацьвей Любаўскі, расейскі гісторык, які вывучаў Вялікае Княства Літоўскае і Рускае.
1883 — Сьцяпан Мельнiк, вучоны батанік і лесавод, ахвяра сталінізму.
1899 — Альфрэд Гічкок, брытанскі і амэрыканскі кінарэжысэр, клясык трылеру і майстар саспэнсу.
1913 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, ён напісаў музыку да опэры «Ў пушчах Палесься» на аснове аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка 1939 году).
1923 — Мікола Кедышка, адзін з кіраўнікоў антынацысцкага супраціву. Загінуў у баі з нацыстамі, якія напалі на явачную кватэру.
1923 — Самсон Пярловіч, беларускі паэт, удзельнік беларускага наваградзкага патрыятычнага падпольля, вязень ГУЛАГу.
1926 — Фідэль Кастра, камуністычны дыктатар Кубы. Узначальваў урад краіны з 1959 году. З 1976-га быў старшынём Дзяржаўнай рады і фактычна прэзыдэнтам Кубы. У 2006 годзе перастаў зьяўляцца на публіцы і фактычна перадаў свае паўнамоцтвы малодшаму брату Раулю. А афіцыйна пакінуў пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2008 годзе.
1950 — Пятро Краўчанка, беларускі палітык, дыплямат, гісторык і калекцыянэр, першы міністар замежных справаў незалежнай Беларусі.
1950 — Ларыса Фінкельштэйн, мастацтвазнаўца, арт-крытык, галерыст, куратар выставаў сучаснага мастацтва, калекцыянэр.
1959 — Яўген Колчаў, скульптар і фатограф.
У памяці
1775 — Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі, канцлер вялікі літоўскі.
1946 — Гербэрт Уэлс, ангельскі пісьменьнік.
1995 – Аляксей Мельнікаў, беларускі гісторык і літаратар. Яго знайшлі забітым ва ўласнай кватэры.
Форум