Лукашэнка заявіў, што вяртаньне Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША адкрыла для Беларусі «акно магчымасьцяў»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларусі патрэбная «ваенная мабілізацыя», каб утрымаць эканоміку краіны ў складаным міжнародным становішчы, заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што для ўтрыманьня эканомікі патрэбная «ваенная мабілізацыя»

Заява прагучала на нарадзе з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі, якая адбылася 31 ліпеня ў Менску, піша БЕЛТА:

«Гэты і будучыя гады будуць вельмі складанымі і напружанымі. Таму папярэджваю ўсіх прысутных, найперш службовых асобаў, якія займаюцца эканомікай. Не крыўдуйце, але ціск і патрабаваньні ў сувязі з гэтым будуць толькі падвышацца. Ня толькі падчас вайны і падчас ваенных дзеяньняў даводзіцца мабілізоўвацца, але і ў мірны час. Лічыце, што мы жывём у вельмі складаны мірны час, калі патрэбная ваенная мабілізацыя. Жадаю, каб усё гэта засвоілі. Патрэбныя жорсткія, часам нетрадыцыйныя мэтады працы. Але эканоміку краіны трэба ўтрымаць. Гэта няпроста пры той ліхаманцы, якая ёсьць на міжнародных рынках, у глябальнай эканоміцы», — сказаў Лукашэнка на нарадзе.

На адрас чыноўнікаў прагучала папярэджаньне:

«Няма выніку — прабачце, вас там няма».

У выступе на нарадзе Лукашэнка закрануў тэму санкцыяў супраць Беларусі і Расеі.

«Эўразьвяз з 2020 году наштампаваў ажно 18 пакетаў санкцыяў. Праўда, чым далей, тым больш павольна. У 2022 годзе прыняў 5, потым 4, потым 3. Сёлета пакуль 1 пакет. Няма чаго больш забараняць? Ці адчулі, што страляюць сабе ў нагу? Напэўна, і тое, і другое», — сказаў Лукашэнка.


Лукашэнка выказаўся пра вяртаньне Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША

«Вы ведаеце прынцып таго ж Трампа: Амэрыка перш за ўсё. Але, можа, лепш так, чым „лібэральны сьветапарадак“, які існаваў пры Байдэну, — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў.— Апошнія сустрэчы з амэрыканцамі паказалі, што яны гатовыя слухаць. Без усялякага падлізваньня з нашага боку. Вяртаньне Трампа адкрыла акно магчымасьцяў для паляпшэньня адносінаў. Можа быць, і для разбору нейкіх завалаў, якія нагарадзілі амэрыканцы і якія перашкаджаюць нашай працы на сусьветных рынках».

21 чэрвеня ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам сустрэўся спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг.

Паводле БЕЛТА, «у парадку дня перамоваў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сытуацыя ў сьвеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амэрыканскія адносіны».

Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне і вываз за мяжу 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея.


​
XS
SM
MD
LG