Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Генадзя Фядыніча; гадавіна стварэньня ў ЗША «Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня»

Архіўнае фота. Адна з акцыяў беларускай дыяспары ў ЗША, 2020 год
Архіўнае фота. Адна з акцыяў беларускай дыяспары ў ЗША, 2020 год

Падзеі 31 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

31 ліпеня 1949 году на першым кангрэсе беларусаў ЗША ў Нью-Ёрку была створаная арганізацыя «Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне» — найстарэйшая беларуская арганізацыя ў ЗША. У 1950 годзе арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнаньне з боку амэрыканскіх уладаў.

Сёньня «Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне» складаецца з шэрагу мясцовых структураў — аддзелаў і мясцовых гурткоў ад Нью-Ёрку да Каліфорніі.

У гэты дзень

1649 — пад Лоевам адбылася самая буйная бітва казацкай вайны часоў паўстаньня Багдана Хмяльніцкага. Урадавыя войскі Вялікага Княства Літоўскага разьбілі 25-тысячнае казацкае войска на чале зь Міхаілам Крычэўскім.

1920 — падчас савецка-польскай вайны праз тры тыдні пасьля заняцьця Менску Чырвонай арміяй была прынятая «Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Гэта стала другім абвяшчэньнем савецкай беларускай дзяржаўнасьці. Усходняй мяжой ССРБ прызналі мяжу Менскай губэрні, а сама тэрыторыя рэспублікі тады абмяжоўвалася толькі шасьцю паветамі.

1944 — у Беларусі пачалася маштабная апэрацыя НКВД з мэтаю ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падпольля. Усяго за год арыштавалі амаль сто тысяч чалавек, забілі пры супраціве 3,2 тысячы.

1959 — з гэтага дня вядзе свой адлік Менскі абласны краязнаўчы музэй. Заснаваны ён быў як Маладачанскі абласны краязнаўчы музэй, бо тады яшчэ была Маладачанская вобласьць. Пасьля таго, як у студзені 1960-га вобласьць ліквідавалі, музэй перайменавалі. Так і выйшла, што Менскі абласны музэй месьціцца за 70 км ад сталіцы.

1957 — выйшла пастанова ЦК КПСС пра разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва ў СССР; лічыцца днём нараджэньня знакамітых «хрушчовак».

1991 — ЗША і Савецкі Саюз падпісалі дамову аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў, паводле якой запасы ядзерных боегаловак бакоў былі скарочаныя на траціну.

1991 — на мяжы Літвы і Беларусі, на пасту ў Мядзінінкаі (Медніках), прадстаўнікі рыскага АМАПу напалі на літоўскіх мытнікаў і паліцыянтаў, зь іх сямёра загінулі, адзін змог выжыць, хоць і застаўся інвалідам.

У гэты дзень нарадзіліся

1802Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі, славуты чылійскі навуковец.

Ігнат Дамейка
Ігнат Дамейка

1817 Ігнат Храпавіцкі, беларускі паэт і фальклярыст.

1898Сендэр Палеес, мастацтвазнаўца, гісторык, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага мастацкага музэя БССР.

1911 Вінцук Склубоўскі, дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі і на Падляшшы.

1912 Мілтан Фрыдман, амэрыканскі эканаміст, нобэлеўскі ляўрэат 1976 году.

Мілтан Фрыдман
Мілтан Фрыдман

1957Генадзь Фядыніч, беларускі прафсаюзны дзяяч і адзін зь лідэраў незалежнага рабочага руху. Узначальваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (1990—2018). У красавіку 2022 году Фядыніча арыштавалі, у ліпені Вярхоўны суд прымусова ліквідаваў прафсаюз РЭП. У студзені 2023-га прафсаюзнага лідэра асудзілі на 9 гадоў калёніі. 11 верасьня 2025 году Генадзя Фядыніча вызвалілі і прымусова вывезьлі ў Літву.

1965Джоан Роўлінг, ангельская пісьменьніца, аўтарка кніг пра Гары Потэра.

Джоан Роўлінг. «Гары Потэр і таемная заля». Пераклад з ангельскай Алены Пятровіч. Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч, 2020
Джоан Роўлінг. «Гары Потэр і таемная заля». Пераклад з ангельскай Алены Пятровіч. Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч, 2020

1989 Вікторыя Азаранка, беларуская тэнісістка.

Вікторыя Азаранка
Вікторыя Азаранка

У памяці

1556 Ігнацы Ляёла, заснавальнік ордэна езуітаў.

1784 Дэні Дзідро, францускі мысьляр і пісьменьнік.

1849Шандар Пэцёфі, вугорскі паэт і рэвалюцыянэр (загінуў у баі).

Помнік Пэцёфі ў Будапэшце
Помнік Пэцёфі ў Будапэшце

1886Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар.

1944Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, францускі пісьменьнік (не вярнуўся з ).

1944 — падчас вайсковага выведвальнага палёту над Міжземным морам зьнік бязь вестак Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, знаны францускі пісьменьнік. Толькі ў 2000 годзе абломкі ягонага самалёта выпадкова знайшлі на марскім дне каля Марсэлю.

1981 Мiхась Ларчанка, літаратуразнавец, літаратурны крытык.

1998Аляксей Філіпчанка, беларускі юрыст, праваабаронца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х, ахвяра палітычнага перасьледу.

1998Аляксей Філіпчанка, беларускі праваабаронца, юрыст і былы сьледчы ў асабліва важных справах (удзельнік расьсьледаваньня справы віцебскага маньяка Міхасевіча). 8 ліпеня 1998 году каля Гомельскай пракуратуры ён учыніў самаспаленьне на знак пратэсту супраць рашэньня судовых чыноўнікаў адабраць жыльлё ў пэнсіянэркі, якая была ягонай падабароннай.

2012 Янка Саламевіч, літаратуразнавец, фальклярыст, бібліёграф, перакладнік.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG