Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень заснаваньня Беларускай сацыялістычнай грамады і ўраду БНР пад кіраўніцтвам Янкі Серады

Падзеі 22 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 ліпеня 1918 году сфармаваны Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале зь Янкам Серадой. У адрозьненьне ад іншых кіраўнікоў БНР, Серада не пакінуў Беларусі. У 1930-м яго арыштавалі, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў «Саюзе вызваленьня Беларусі», і саслалі ў Яраслаўль на 5 гадоў. У 1941 годзе яму вынесьлі паўторны прысуд — 10 гадоў пазбаўленьня волі. Янка Серада памёр у 1943 годзе пры нявысьветленых абставінах.

Янка Серада, партрэт
Янка Серада, партрэт

Таксама ў гэты дзень

1944 — створаны ў Маскве Польскі камітэт нацыянальнага вызваленьня распаўсюдзіў Маніфэст да польскага народу, фіктыўна пазначыўшы сваё месцазнаходжаньне горадам Хэлмам. Праз чатыры дні СССР падпісаў з Камітэтам пагадненьне, прызнаўшы яго адзінай уладай на вызваленай тэрыторыі, а пад канец году камітэт ператварылі ў Часовы ўрад. У камуністычныя часы 22 ліпеня адзначалася як галоўнае сьвята Польшчы.

1993 — кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. 15 студзеня 1994 году Клінтан зь візытам у адказ наведаў Менск. Болей афіцыйных візытаў такога ўзроўню паміж Беларусяй і ЗША не было.

1994Міхаіл Чыгір прызначаны прэм’ер-міністрам Беларусі. У лістападзе 1996 году ён сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму, які пашыраў паўнамоцтвы прэзыдэнта. У 1999 годзе вылучыўся кандыдатам на альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах, арганізаваных апазыцыйнай часткай Вярхоўнага Савету. 30 сакавіка 1999 году быў арыштаваны і правёў за кратамі 8 месяцаў. У траўні 2000-га асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. Сябра АГП, праваабаронцамі і Amnesty International быў прызнаны палітвязьнем і вязьнем сумленьня.

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

2011 — у Нарвэгіі Андэрс Брэйвік учыніў два тэрарыстычныя напады (выбух у Осьлё і расстрэл у моладзевым лягэры на высьпе Ўтоя), забіўшы 77 чалавек.​

У гэты дзень нарадзіліся

1727Ігнаці Масальскі, рэлігійны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, віленскі біскуп, першы старшыня Адукацыйнай камісіі і мэцэнат. Супярэчлівая постаць: шмат зрабіў для асьветы і архітэктуры Вільні, але заняў прарасейскую пазыцыю, увайшоў у кіраўніцтва Таргавіцкай канфэдэрацыі і падпісаў акты Другога падзелу краіны. Падчас паўстаньня 1794 году арыштаваны паўстанцамі і павешаны варшаўскім натоўпам без суду за здраду.

1784Фрыдрых Бэсэль, нямецкі астраном і матэматык. Ён першым у гісторыі надзейна вымераў адлегласьць да зоркі.

1878 або 1879 Януш Корчак (Генрык Гольдшміт), польскі пэдагог, пісьменьнік, лекар і грамадзкі дзяяч. Падчас нямецкай акупацыі ў Варшаўскім гета адмовіўся ад прапановы ўратаваць сваё жыцьцё, застаўся са сваімі выхаванцамі і прыняў зь імі сьмерць у газавай камэры нацысцкага лягеру Трэблінка.

Мэмарыяльная дошка Янушу Корчаку і загілым дзецям у Кіеве. Ва ўкраінскай сталіцы Корчак працаваў у дзіцячых прытулках, дапамагаў ратаваць дзяцей-уцекачоў і завяршаў сваю галоўную пэдагагічную працу «Як любіць дзіця»
Мэмарыяльная дошка Янушу Корчаку і загілым дзецям у Кіеве. Ва ўкраінскай сталіцы Корчак працаваў у дзіцячых прытулках, дапамагаў ратаваць дзяцей-уцекачоў і завяршаў сваю галоўную пэдагагічную працу «Як любіць дзіця»

1888 Зэльман Ваксман, амэрыканскі мікрабіёляг і біяхімік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1952). Увёў тэрмін «антыбіётыкі», а ў ягонай лябараторыі вылучылі стрэптаміцын — першы эфэктыўны прэпарат супраць сухотаў.

1906Марыя Бялiнская, акторка, народная артыстка Беларусі.

1895Павал Сухі, савецкі авіяканструктар, нарадзіўся ў Глыбокім. Сухі спраектаваў больш як 50 самалётаў, 30 зь якіх былі пабудаваныя і выпрабаваныя.

1916Уладзімер Юрэвіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.

1919Міхаіл Булахаў, беларускі мовазнаўца.Аўтар больш як 300 працаў па расейскай, беларускай і іншых славянскіх мовах і па лінгвістычнай тэорыі.

1936Валянціна Гаявая, харэограф, народная артыстка Беларусі, мастацкая кіраўніца ансамбля „Харошкі“.

1936Вячаслаў Чамярыцкі, беларускі літаратуразнаўца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG