Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 11 гадоў таму над Данбасам зьбілі малайзійскі «Боінг»

Інсталяцыя ў Нідэрдяндах на акцыі памяці загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу рэйсу MH-17
Інсталяцыя ў Нідэрдяндах на акцыі памяці загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу рэйсу MH-17

Дата дня

17 ліпеня 2014 году, над Данбасам быў зьбіты малайзійскі авіялайнэр: загінулі 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.

Суд у Гаазе ў выніку прыйшоў да высновы, што самалёт «Boeing» MH-17 зьбілі ракетай з комплексу «Бук», запушчанай з боку Першамайскага, якое кантралявалі падкантрольныя Расеі сілы з так званай «ДНР». 17 лістапада 2022 году суд завочна прызнаў Ігара Гіркіна (Стралкова) і яго падначаленых Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку вінаватымі і датычнымі да зьнішчэньня самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 чалавек. Яшчэ аднаго абвінавачанага Алега Пулатава прызналі невінаватым.

Расея лічыць, што судовы працэс па справе аб катастрофе MH17 «быў заснаваны на палітычнай замове».

Дзень у гісторыі

1570 — у Вільні заснавалі езуіцкі калегіюм.

1918 — у Маскве пачаўся Ўсерасейскі зьезд уцекачоў зь Беларусі.

1918 — забіты разам зь сям’ёй Мікалай II, расейскі імпэратар.

1924 — увялі новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне Беларускай ССР на акругі, раёны і сельсаветы, тэрыторыя БССР была падзеленая на 10 акругаў (Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Мінская, Магілёўская, Мазырская, Аршанская, Полацкая, Слуцкая), на 100 раёнаў і 1202 сельсаветы.

1936 — у Гішпаніі пачаўся вайсковы путч супраць рэспубліканскага ўраду, які перарос у трохгадовую грамадзянскую вайну і завяршыўся прыходам да ўлады Франсіска Франка.

Франсіска Франка выступае з прамовай у Більбао, 1939
Франсіска Франка выступае з прамовай у Більбао, 1939

1940 — савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Латвіі.

1941 — арганізавалі генэральную акругу «Беларусь», якая разам з генэральнымі акругамі «Літва», «Латвія» і «Эстонія» ўвайшла ў склад нацысцкага рэйхскамісарыяту «Остлянд».

1942 — пачалася Сталінградзкая бітва.

1945 — пачалася Патсдамская канфэрэнцыя.

1992 — славацкія дэпутаты прагаласавалі за выхад са складу Чэхаславаччыны і ўтварэньне сувэрэннай дзяржавы, што і адбылося 1 студзеня 1993 году.

2022 — у цэнтры Варшавы адкрыўся «Музэй вольнай Беларусі».

У гэты дзень нарадзіліся

1796 — Ян Чачот, беларускі і польскі паэт і фальклярыст. У 1818 годзе стаў сябрам тайнага таварыства філяматаў. Пасьля выкрыцьця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаваньняў у 1823 годзе зьняволены ў Віленскай турме, потым сасланы на Ўрал. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца ў Беларусь.

1893 — Аляксандар Венгерка, актор, рэжысэр, пэдагог, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага польскага тэатра БССР.

1917 — Сяргей Баткоўскі, беларускі архітэктар. Асноўныя працы ў Менску: будынак паліграфкамбінату ім. Я. Коласа, корпус гадзіньнікавага заводу, павільён ВДНГ (цяпер зьнесены), рэканструкцыя стадыёну «Дынама».

1937 — Георгі Таразевіч, дзяржаўны дзеяч Беларусі, старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР (1985—1989), намесьнік старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР (1986—1989).

1954 — Ангела Мэркель, нямецкі палітык, былая канцлерка Нямеччыны.

1959 — Барыс Пятровіч, беларускі празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (2011—2021), рэдактар часопісу «Дзеяслоў» (2002—2023).

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

У гэты дзень памерлі

1399 — Ядвіга Анжуйская, каралева польская, пасьля Крэўскай уніі была ў шлюбе з Уладзіславам Ягайлам. Яна памерла падчас родаў, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў

2000 — Эдзі Агняцьвет, беларуская паэтка і перакладчыца.

2018 — Кірыла Насаеў, беларускі хормайстар, музыказнаўца і пэдагог. Стварыў камэрны мужчынскі хор «Унія».

Кірыла Насаеў
Кірыла Насаеў


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG