Хроніка перасьледу 11 ліпеня: у Гомлі асудзілі праграміста, у Горадні — супрацоўніка вайсковага камісарыяту

абноўлена
Суд у Гомлі, архіўнае фота
Суд у Гомлі, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Праграміста з Гомля асудзілі за ахвяраваньні

36-гадовага праграміста з Гомля Дзьмітрыя Хамянкова асудзілі паводле артыкулу аб «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці», піша mediazonaby.com. Вырак суду невядомы, аднак ён набыў моц — Хамянкова ўнесьлі ў «сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», адно з апошніх месцаў працы Хамянкова — кампанія Expert Software Development, рэзыдэнт ПВТ. Данаты Дзьмітры пераводзіў у крыптавалюце, якім менавіта ініцыятывам — невядома.

Затрымалі яго ў канцы 2024 году. Пакуль Зьміцер быў у СІЗА, у яго памерла бабуля.


У Мікашэвічах арыштавалі прадпрымальніка

У горадзе Мікашэвічы (Лунінецкі раён) 18 чэрвеня арыштавалі прадпрымальніка Андрэя Арла, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы мяркуюць, што прадпрымальніка затрымалі паводле «палітычнага артыкулу» і спасылаюцца на вядомыя ім зьвесткі з афіцыйных крыніц, якіх не называюць.

«З 18 чэрвеня 2025 спынілі працу крамы прадпрымальніка Андрэя Арла, дзе прадаваліся дзіцячыя цацкі, адзеньне, ровары ды іншыя тавары. Імавернай прычынай прыпыненьня працы стаў арышт уладальніка крамаў. Цяпер Арол у сьледчым ізалятары № 7 Берасьця. Прычынай арышту, паводле нашых зьвестак, стаў ці то лайк, ці то камэнтар у інтэрнэце пасьля нападу Расеі на Ўкраіну», — паведамляе «Вясна».

Пра Андрэя Арла вядома, што яму 52 гады, мае дачку. У Мікашэвічах прадпрымальнік валодае сеткай крамаў.

Праваабаронцы не выключаюць, што на прадпрымальніка завялі крымінальную справу. «Калі праз больш за 20 дзён не адпусьцілі, дык што яшчэ думаць», — сказаў Свабодзе праваабаронца Ўладзімір Вялічкін.

У Горадні асудзілі супрацоўніка вайсковага камісарыяту

У Горадзенскім абласным судзе разглядалі справу Яўгена Шляхцёнка, супрацоўніка Мастоўскага вайсковага камісарыяту, піша «Наша ніва». 37-гадовага жыхара вёскі Вялікія Сьцяпанішкі судзілі паводле трох палітычных артыкулаў:

  • «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1)
  • «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361)
  • «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1. арт. 361-4).

Яму пагражаў тэрмін да 12 гадоў калёніі, але дакладны вырак невядомы.

Апошні раз Яўген быў онлайн у кастрычніку 2024 году, паведамляе «Наша ніва». Прысуд набыў моц, 11 ліпеня 2025 году Шляхцёнка ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў».


​
XS
SM
MD
LG