«Выгляд Сяргея Ціханоўскага — гэта доказ злачынства». У Эўрапарлямэнце адбылася дыскусія па Беларусі

Малгажата Гасеўская, архіўнае фота.
Малгажата Гасеўская, архіўнае фота.

Сёньня падчас пленарнага пасяджэньня Эўрапейскага парлямэнту адбылася дыскусія аб сытуацыі ў Беларусі і вызваленьні палітвязьняў.

Падчас дыскусіі, сярод іншага, выступіла польская эўрадэпутатка Малгажата Гасеўская, якая зьяўляецца кіраўніцай дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.

Яна заявіла, што

«Лукашэнка вызваліў 30 закладнікаў. Ня „вязьняў“ — закладнікаў, жорстка катаваных, маральна і фізычна зьнясіленых. Іх зьнешні выгляд гаворыць сам за сябе. Паглядзіце на твар Сяргея Ціханоўскага — гэта не аблічча чалавека, які зноў здабыў свабоду. Гэта доказ злачынства».

Малгажата Гасеўская мяркуе, што рэжым у Беларусі не спыняецца і ня спыніцца. Паводле яе меркаваньня, у 2025 годзе ў Беларусі адбудзецца больш за 1700 новых арыштаў і зьявяцца сотні новых палітвязьняў.

«Псэўдасуды працуюць кожны дзень, як у выпадку з Вікторыяй Кульшай — пяты прысуд, цяжкі стан здароўя, бестэрміновае зьняволеньне. Гэта не закон. Гэта сыстэма тэрору», — сказала эўрадэпутатка.

Яна мяркуе, што памілаваньні палітвязьняў зьяўляюцца няшчырымі, што гэта цынічная гульня рэжыму і дымавая заслона. На яе думку Аляксандар Лукашэнка слабее, а санкцыі працуюць. Таму Гасеўская заклікала не зьмякчаць санкцый, а, наадварот, узмацняць іх.

Калі Эўропа будзе адступаць, гэта, паводле польскай эўрадэпутаткі, стане згодай са злачынствам.

«ЭЗ павінен заявіць аднагалосна: ніякіх саступак. Ніякіх ілюзій. Прыпыненьне санкцый толькі ў адным выпадку — поўнае, неадкладнае вызваленьне ЎСІХ палітвязьняў, прызнаньне несапраўднымі ЎСІХ палітычных спраў, НУЛЬ новых рэпрэсій», — сказала Малгажата Гасеўская.

ХХХ

​
XS
SM
MD
LG