Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі ўхваліў зьмены, якія тычацца заробку індывідуальных прадпрымальнікаў

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Савет Рэспублікі 30 чэрвеня зацьвердзіў законапраект са зьменамі па сацыяльным страхаваньні і пэнсіях. У ім прапісаны новаўвядзеньні для індывідуальных прадпрымальнікаў і тых, хто працуе на падатку на прафдаход.

На паведамленьне прэсавай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зьвярнуў увагу партал «Зеркало».

Законапраект датычыцца зьменаў у парадку выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) як для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), так і для тых, хто працуе паводле спэцыяльнага падатковага рэжыму — падатку на прафэсійны даход.

Для другой катэгорыі «на штогадовай аснове прадугледжана права даплаціць узносы на пэнсійнае страхаваньне ў бюджэт фонду сацабароны насельніцтва». Указана, што гэта будзе добраахвотнае рашэньне.

Для ІП, якія плацяць падаходны падатак, прапануецца наступная схема:

Калі гадавы даход прадпрымальніка складае менш за 12 мінімальных заробкаў (на пачатак чэрвеня гэта было да 8712 рублёў), ён зможа плаціць 35% ад фактычнага даходу, а не ад устаноўленага мінімуму. Цяпер жа незалежна ад даходу ІП абавязаны плаціць унёскі мінімум з 12 мінімальных заработных платаў (МЗП) у год (726 рублёў у месяц). Такім чынам, гэта паслабленьне для тых, хто зарабляе няшмат.
Калі ж даход за год роўны або перавышае 12 мінімальных заробкаў, то ўнёскі па-ранейшаму выплачваюцца ў памеры 35% ад гэтай сумы — альбо больш, калі прадпрымальнік сам захоча павялічыць сваю пэнсійную базу.

Для ІП на адзіным падатку зьменаў няма — яны абавязаныя выплачваць унёскі ня менш за 35% ад мінімальнай зарплаты за кожны месяц, калі плацяць адзіны падатак.

Усе даныя для разліку будуць паступаць аўтаматычна з падатковай службы (МПЗ), узаемадзеяньне з ФСАН цалкам аўтаматызуюць. Тэрмін выплаты гадавых узносаў пераносіцца з 1 сакавіка на 31 сакавіка наступнага году.

  • Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб унёсках у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН)у першым чытаньні 2 красавіка. Акрамя гэтага, адразу ў двух чытаньнях дэпутаты прынялі законапраект, які вызначае тэрмін забароны працаваць ІП тым, хто падчас працы індывідуальным прадпрымальнікам перавысіў гранічны памер выручкі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG