У Польшчу зь Беларусі спрабавала трапіць рэкордная сёлета колькасьць мігрантаў

Польска-беларуская мяжа, архіўнае фота
Польска-беларуская мяжа, архіўнае фота

Паводле інфармацыі польскай Памежнай аховы, за мінулыя содні нелегалы зрабілі амаль 300 спробаў пранікненьня зь беларускай тэрыторыі, перадае «Позірк».

Папярэдні рэкорд году зафіксаваны 17 траўня, калі Польшча спыніла 223 спробы мігрантаў незаконна перайсьці мяжу.

Ад пачатку 2025 году Польшча перадухіліла больш за 8 тысяч такіх спробаў. У параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам іх колькасьць скарацілася больш як на 40%.

Агулам жа за год суседзі Беларусі з краін Эўразьвязу налічылі больш як 12 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі.

19 траўня стала вядома, што Літва падала на ўлады Беларусі пазоў у Міжнародны суд ААН за спрыяньне мігранцкаму крызісу, які цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, тлумачыў гэта ўвядзеньнем санкцыяў і тым, што эўрапейскія ўлады самі іх «паклікалі».

​
XS
SM
MD
LG