Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, абвінаваціўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу, які парушае нормы міжнароднага права. Пра гэта ў панядзелак паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы, перадае LRT .
«З 2021 году Літва сутыкаецца зь беспрэцэдэнтным ростам патоку нелегальных мігрантаў зь Беларусі. Доказы, сабраныя літоўскімі ведамствамі, пацьвярджаюць прамое дачыненьне беларускага рэжыму да арганізацыі плыняў мігрантаў», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.
Паводле МЗС Літвы, пра датычнасьць да сытуацыі Менску сьведчыць той факт, што ў Беларусі павялічылі колькасьць авіярэйсаў з краін Блізкага Ўсходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу віз і разьмяшчэньне мігрантаў.
Акрамя таго, па прыбыцьці ў Беларусь многія мігранты былі дастаўленыя да літоўскай мяжы беларускімі сіламі бясьпекі і вымушаны перасякаць яе нелегальна — часта ў небясьпечных і пагрозьлівых жыцьцю ўмовах.
Паводле МЗС Літвы, памежныя службы Беларусі, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы аб супрацоўніцтве, адмовіліся ўзаемадзейнічаць зь літоўскімі ведамствамі з мэтай спыненьня незаконных перасячэньняў мяжы.
«Літва разглядае гэтыя дзеяньні як наўмысную спробу беларускага рэжыму выкарыстоўваць міграцыю як сродак палітычнага ціску на Літву і Эўрапейскі Зьвяз — у адказ на іх падтрымку беларускай дэмакратыі і санкцыі за парушэньні правоў чалавека», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
Патрабаваньні Літвы ўключаюць поўную кампэнсацыю нанесенай шкоды, уключаючы выдаткі на будаўніцтва сьцяны. А таксама гарантыі таго, што дзеяньні, якія супярэчаць міжнароднаму праву, не паўторацца.
Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, ад пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі прадухілілі 23,6 тысячы выпадкаў нелегальнага пранікненьня замежнікаў у краіну зь Беларусі. Адны і тыя ж асобы спрабуюць незаконна перасекчы мяжу неаднаразова.
Летась Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у межах Рымскага статуту і зьвярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам у Беларусі.
Форум