Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая журналістка Натальля Судлянкова, якую ў Чэхіі абвінавацілі ў супрацы з ГРУ, выехала ў Расею

Натальля Судлянкова, скрыншот
Натальля Судлянкова, скрыншот

Былая беларуская журналістка Натальля Судлянкова, якая, паводле чэскіх уладаў, была расейскім агентам, выехала ў Маскву, пра гэта паведамляе чэскае выданьне Seznam Zprávy. Судлянкова зрабіла гэта ў чацьвер, 1 траўня, — у апошні магчымы дзень, які яна атрымала ў рамках распараджэньня аб дэпартацыі.

Месяц таму, 2 красавіка, Служба бясьпекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) заявіла, што дадала былую беларускую журналістку Натальлю Судлянкову ў чэскі нацыянальны санкцыйны сьпіс за супрацу з расейскай спэцслужбай ГРУ. У 1999 годзе Судлянкова атрымала ў Чэхіі прытулак, але цяпер яна мусіла пакінуць Чэскую Рэспубліку цягам 30 дзён.

Паводле зьвестак Seznam Zprávy, Судлянкова вылецела з Прагі ў Стамбул вечарам у чацьвер, а адтуль, як паведамілі выданьню некалькі крыніц, — у Маскву. Турцыя — адзін з нешматлікіх варыянтаў, каб дабрацца з Чэхіі да Расеі сёньня: з пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне прамога авіязлучэньня з Масквой няма.

Ад’езд Судлянковай у Турцыю выданьню пацьвердзіў прадстаўнік паліцыі па справах замежных грамадзян Ёзэф Урбан (Josef Urban): «Мы можам пацьвердзіць, што спадарыня Н. С. пакінула Чэхію самалётам 1 мая 2025 года і адправілася ў Стамбул». Іншыя дэталі ён адмовіўся камэнтаваць.

У пятніцу, 2 траўня, сама Натальля Судлянкова паведаміла Seznam Zprávy, не ўдаючыся ў падрабязнасьці, што «зараз знаходзіцца на мытні ў Маскве».

У пачатку красавіка ўрад Чэхіі дадаў Судлянкову ў нацыянальны санкцыйны сьпіс з-за таго, што, паводле іх зьвестак, яна выконвала апэрацыі расейскай сакрэтнай службы ГРУ ў Чэскай Рэспубліцы, а кіраваў ёю з Масквы супрацоўнік ГРУ Аляксей Шаўроў — яго чэскі ўрад таксама ўнёс у санкцыйны сьпіс. У BIS тады заявілі, што Судлянкова «удзельнічала ў мерапрыемствах па ўплыве і інфармацыі, каардынаваных расейскімі дзяржаўнымі органамі».

У інтэрвію Seznam Zprávy 12 красавіка Судлянкова не прызнала, што працавала на рэжым Пуціна і падтрымлівала кантакты з супрацоўнікамі расейскай выведкі. Яна таксама адмаўляла, што кантактавала з супрацоўнікам ГРУ Шаўровым.

У той час яна разглядала тры варыянты, куды пераехаць з Чэхіі. Вяртаньне ў родную Беларусь яна лічыла найменш верагодным, бо, зь яе словаў, яна «не зьмяніла сваёй крытычнай пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму». З іншых варыянтаў Судлянкова згадвала таксама Расею і, магчыма, Узбэкістан.

Уключэньне ў нацыянальны санкцыйны сьпіс азначае, што адпаведным асобам забараняецца ўезд і знаходжаньне ў Чэскай Рэспубліцы, забараняюцца любыя фінансавыя апэрацыі праз чэскія арганізацыі, замарожваюцца любыя актывы ў краіне. Увесь гэты час Судлянкова не магла карыстацца сваімі банкаўскімі рахункамі.

**

У Чэхіі Судлянкова працавала галоўным рэдактарам расейскамоўнага штотыднёвіка «Пражский телеграф», які выдаваўся ў Празе. У мінулым яна таксама супрацоўнічала з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і з выданьнямі Týden і Lidové noviny.

Палітычны прытулак Натальля Судлянкова атрымала празь перасьлед у Беларусі. Там яна нібыта балятавалася ў парлямэнт ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, яе абвінавачвалі ў фінансавых злачынствах. У адным з інтэрвію Чэскай тэлевізіі ў 2011 годзе Судлянкова казала: «У мяне былі пэўныя праблемы з спадаром Лукашэнкам і людзьмі зь ягонай каманды. Мы не маглі заставацца на адной радзіме», узгадвае яе словы выданьне Respekt.

У 2002 годзе яе затрымалі на чэска-нямецкай мяжы на падставе міжнароднага крымінальнага ордэру, выдадзенага ўрадам Беларусі. Але чэскі суд адхіліў запыт Менску аб экстрадыцыі, палічыўшы абвінавачваньні Судлянковай неабгрунтаванымі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG