Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрымалі пару літоўцаў, іх абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Літоўская паліцыя
Ілюстрацыйнае фота. Літоўская паліцыя

Генэральная пракуратура Літвы перадала ў суд крымінальную справу, у якой дваіх грамадзян Літвы абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Беларусі. Яны самі прапанавалі супрацоўнічаць зь беларускай выведкай, а адзін зь іх мэтанакіравана інфільтраваўся ў Літоўскі зьвяз стралкоў, паведамляе LRT.

Паводле зьвестак дасудовага расьсьледаваньня, у траўні 2022 году пара прыехала ў Менск, дзе праз пасярэдніка яны дамовіліся пра кантакты і далейшае супрацоўніцтва «з прадстаўнікамі вайсковых структур» Беларусі.

Пазьней у мэтах шпіянажу нібыта адзін з абвінавачаных уступіў у Літоўскі зьвяз стралкоў і стаў яго актыўным удзельнікам.

Сьледчыя заявілі, што сабралі дастаткова зьвестак, якія дазваляюць меркаваць, што пасьля той сустрэчы да свайго затрыманьня ў лістападзе 2023 году абвінавачаныя выконвалі заданьні Галоўнага выведнага ўпраўленьня (ГВУ) Генштабу Міністэрства абароны Беларусі, гаворыцца ў матэрыяле. На даручэньне беларускага ГВУ і за грашовую ці іншую ўзнагароду яны нібыта зьбіралі і перадавалі ў Літве і Латвіі інфармацыю, цікавую для беларускай выведкі.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, беларускае ГРУ было зацікаўленае ў атрыманьні інфармацыі пра:

  • вайсковую тэхніку і ўзбраеньне, якое дысьлякуецца ў Літве і належыць літоўскаму войску, добраахвотніцкім сілам нацыянальнай абароны, Літоўскаму зьвязу стралкоў і саюзьнікам па NATO;
  • стратэгічную інфраструктуру аб’ектаў і іх ахову;
  • дзейнасьць Літоўскага саюзу стралкоў і зьмест вучэньняў, якія ён праводзіў;
  • пра дзейнасьць беларускай апазыцыі ў Літве і яе ўдзельнікаў,
  • пра грамадзян Літвы, якія маглі б быць завэрбаваныя.

Адзначаецца, што, хаця інфармацыя, сабраная і перададзеная абвінавачанымі беларускаму ГВУ, як мяркуецца, не была засакрэчанай, яна мае каштоўнасьць для ўзброеных сіл замежных дзяржаў пры падрыхтоўцы плянаў ваеннай агрэсіі, а таксама выкарыстоўваецца для іншай дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы.

Затрыманым выставілі абвінавачаньні, яны знаходзяцца пад арыштам, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG