Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 50 палітвязьняў асудзілі за «непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі»

Калючая сьпіраль Бруна на турэмнай агароджы ў Беларусі. Архіўнае фота
Калючая сьпіраль Бруна на турэмнай агароджы ў Беларусі. Архіўнае фота

Гэта робіцца, каб пакінуць за кратамі і псыхалягічна зламаць чалавека, перакананы былы палітвязень Леанід Судаленка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў зьвесткі пра новыя суды над палітвязьнямі, якія ўжо адбываюць пакараньне.

Праваабаронцам вядома пра 53 палітвязьняў, якія сутыкнуліся з абвінавачаньнем у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», якія выстаўляюць зьняволеным па сукупнасьці дысцыплінарных спагнаньняў (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу).

Сярод іх як мінімум 8 палітвязьняў, якія працягваюць адбываць пазбаўленьне волі ў сувязі з прысудам па гэтых абвінавачаньнях.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі, 411-ы артыкул шырока прымяняецца менавіта да палітвязьняў.

«Робіцца, каб зламаць унутраны стрыжань»

Леанід Судаленка, які быў асуджаны на тры гады і паўтара зь іх прабыў у калёніі «Віцьба-3» па палітычна матываваным прысудзе, успамінае, што за гэты час ня чуў пра выкарыстаньне 411-га артыкула супраць звычайных асуджаных. На думку праваабаронцы, гэты мэтад ціску выбраны ўладамі адносна палітвязьняў менавіта за іхную палітычную пазыцыю і тое, што яны ад яе не адмаўляюцца.

«Пераважна ўжываюць 411-ы артыкул супраць вядомых, знакавых палітвязьняў», — зазначыў Леанід Судаленка і нагадаў пра Сяргея Ціханоўскага.

«Калі Ціханоўскаму дадалі паўтара года паводле 411-га артыкула, гэта ж не для таго, каб ня выпусьціць зь вязьніцы. У Ціханоўскага ўжо было 18 гадоў. Гэта каб псыхалягічна зламаць чалавека, разбурыць той унутраны стрыжань, які дазваляе трымацца насуперак усяму. А яшчэ каб зрабіць невыноснымі ўмовы ўтрыманьня. Бо пасьля суду паводле 411-га артыкула для асуджаных упершыню заўсёды будзе перавод у іншую, больш жорсткую вязьніцу», — патлумачыў Леанід Судаленка.

Праваабаронца кажа, што суды паводле 411-га артыкула КК праходзяць «на аўтамаце».

«Якія там правы, якія доказы? Мяркую, як адміністрацыя калёніі падрыхтуе дакумэнты на палітвязьня, чаго пракурор запросіць, тое судзьдзя і „выпіша на аўтамаце“. Выбар хіба толькі паміж тым, год дададуць да былога тэрміну ці два. Ня ведаю ніводнага выпадку, каб апраўдалі ці адправілі справу паводле 411-га артыкула на новае расьсьледаваньне», — расказаў Свабодзе Леанід Судаленка зь «Вясны».

Паводле «Вясны», у лютым 2025 году працягвалася і практыка судоў над палітвязьнямі за былыя нібыта злачынствы. Так, супраць палітвязьня Кірыла Вевеля, раней асуджанага на 3 гады пазбаўленьня волі, завялі новую крымінальную справу праз абвінавачаньне ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».

  • Колькасьць палітычных зьняволеных на 5 сакавіка склала 1222 чалавекі. За люты праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 39 чалавек.
  • Таксама 16 чалавек былі прызнаныя палітвязьнямі постфактум, паколькі інфармацыя пра іх адвольнае затрыманьне стала вядомая толькі пасьля іх вызваленьня.
  • Колькасьць былых палітвязьняў перавышае 2540 чалавек.
  • Усяго, як паведамляюць праваабаронцы, з 2020 году сама меней 8092 чалавекі сутыкнуліся з крымінальным перасьледам з палітычных матываў.
  • У дачыненьні ня менш як да 6673 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Мінімум 33 чалавек суды накіравалі на прымусовае лячэньне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG