Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Трэцяя гадавіна рэфэрэндуму і пратэстаў супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну

Менск, 27 лютага 2022 году.
Менск, 27 лютага 2022 году.

Дата дня

27 лютага 2022 году ў Беларусі адбыліся акцыі пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Было затрымана ня менш за 800 чалавек. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які быў закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама ў гэты дзень

1612 — пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі з мэдыцыны, вэтэрынарыі і школьніцтва, літаратурныя творы. У Любчанскай друкарні складаў і выдаваў свае творы Салямон Рысінскі — першы чалавек, які назваў сябе беларусам.

1792 — Шарашоў (Пружанскі раён) і Прывалка (Горадзенскі раён) атрымалі ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага пацьверджаньне магдэбурскага права і гербы.

1901 — у Маскве беларускі студэнт Пётра Карповіч застрэліў міністра асьветы Расеі Багалепава. Гэта быў адказ на пастанову Багалепава аддаваць нядобранадзейных студэнтаў у салдаты. Імем Карповіча названая вуліца ў Гомлі.

1919 — была ўтвораная Літоўска-Беларуская ССР.

1933 — адбыўся пажар бэрлінскага Райхстагу.

1991 — прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы абвясьціў пра заканчэньне вайны ў Пэрсыдзкай затоцы паміж кааліцыяй на чале з ЗША і Іракам за вызваленьне і аднаўленьне незалежнасьці Кувэйту.

2015 — у Маскве быў забіты расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў.

Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

У гэты дзень нарадзіліся

1667 — Людвіка Караліна Радзівіл, мэцэнатка, фундатарка кальвінскіх збораў і друкарняў у ВКЛ.

1734 — Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

Караль Станіслаў Радзівіл
Караль Станіслаў Радзівіл

1888 — Яўхім Бялевіч, дзяяч нацыянальнага руху, міністар юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР.

1898 — Васіль Шчарбакоў, гісторык, акадэмік АН Беларусі, ахвяра сталінізму.

1902 — Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі 1962 году.

Джон Стэйнбэк
Джон Стэйнбэк

1903 — Міхась Явар, беларускі паэт.

1905 — Міхась Сеўрук, мастак.

1906 — Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

1935 — Фёдар Клімчук, беларускі мовазнаўца-дыялектоляг, гісторык.

1982 — Міхал Шарамет, удзельнік Маладога Фронту БНФ, стваральнік вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Ваяр».

1961 — Вольга Бабкова, гісторык-архівіст, пісьменьніца.

Вольга Бабкова
Вольга Бабкова

У памяці

1864 — Людвік Зьвяждоўскі, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў (павешаны).

1936 — Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг.

Іван Паўлаў
Іван Паўлаў

2005 — Віктар Жаўняровіч, беларускі мастак і сьпявак у Вільні і Францыі.

2023 — Аляксей Дудараў, драматург.

Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG