Пра канфлікт на гістарычнай глебе ў эфіры Свабоды разважаюць літоўскі гісторык Русьціс Камунтавічус і беларускі гісторык Аляксандар Пашкевіч.
Камунтавічус: «Мяне ў гэтым лісьце зьдзівіла нават не сытуацыя з Пагоняй, бо такое гучала і раней. Мяне ўразіла тое, што яны раяць увесьці цэнзуру на гісторыю ў Літве. Яны прапануюць канон гісторыі Літвы, увесьці праз закон, каб памяць пра ВКЛ была кананізаваная, пастаўленая ў рамкі. Мне гэта нагадала як у 2020 годзе Пуцін прапанаваў законы, якія мусілі мяняць Канстытуцыі. Яны таксама ўсталёўвалі „гістарычную праўду“. І мне гэта нагадала тое ж. Дзіўна, што там падпісаліся і гісторыкі. Што датычыць Пагоні. Літва была адной зь першых краін, якія прызналі БНР з Пагоняй. Калі ў 1991-м узьнікла Рэспубліка Беларусь, была Пагоня і мы яе прызналі. Калі прыйшоў Лукашэнка, мы прызналі яго незаконным. І акурат ён зьмяніў герб».
Пашкевіч: «Я пагаджуся з Русьцісам Камунтавічусам, што прычына гэтага ліста ў тым, што яго аўтары ня любяць беларусаў. І яны бачаць у беларусах ірацыянальную небясьпеку. Яны не задумваюцца наконт стратэгічных мэтаў, ці патрэбныя ім беларусы, якія шануюць гісторыю, у тым ліку ВКЛ. Яны ня хочуць разьбірацца ў нашых праблемах, а глядзяць на ўсё са свайго эгаістыснага і нацыяналістычнага пункту гледжаньня. Я асабіста ў Літве не сустракаюся зь нейкай варожасьцю ад літоўцаў. Ня ўсё так кепска, як можа падацца зь ліста. Такія людзі ёсць, але каб гэта была нейкая мэйнстрымная думка, то гэта ня так».
Форум