Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у пратэстах будуць судзіць вядомую фітнэс-інструктарку і экс-тэлевядоўцу Натальлю Наважылаву

Натальля Наважылава. Архіўнае фота
Натальля Наважылава. Архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску 17 лютага пачне разгляд справы супраць Натальлі Наважылавай, вынікае з раскладу паседжаньняў на партале электроннага судаводзтва.

Наважылаву абвінавачваюць паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). З 2020 году ўлады шырока ўжываюць гэты артыкул для перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і незалежныя СМІ мяркуюць, што судзіць будуць менавіта стваральніцу аднаго зь першых у Беларусі фітнэс-цэнтраў «Багіра», вядомую трэнэрку і тэлевядоўцу Натальлю Наважылаву. Яе зьвесткі цалкам супадаюць з інфармацыяй у раскладзе судовых паседжаньняў.

Наважылава нарадзілася ў 1955 годзе, яна майстар спорту ў спартовай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Фэдэрацыя фітнэсу», стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнэраў, якія навучаліся ў «Багіры». Яе фітнэс-цэнтар наведвалі як вядомыя людзі, так і звычайныя аматары спорту, якім надавалі аднолькава якасныя паслугі. Таксама яна афіцыйная прадстаўніца фітнэс-праграмаў унівэрсытэту Reebok і Nike (USA).

З 1994 па 2001 год Натальля Наважылава была вядоўцай праграмы «Урокі з Натальляй Наважылавай» на тэлевізіі, падчас якой дэманстраваліся трэнаваньні ў фітнэсе.

Была ўзнагароджаная ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўнёсак у прапаганду здаровага ладу жыцьця».

Згодна з адкрытымі крыніцамі, Наважылава была сяброўкаю грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду», на выбарах у мясцовыя саветы 2018 году была даверанай асобай палітыка Тацяны Караткевіч. У 2019 годзе балятавалася кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, аднак яе кандыдатуру не зарэгістравалі.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Наважылава была даверанай асобай кандыдата Андрэя Дзьмітрыева.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG