Лукашэнка зноў выказаўся супраць дваяўладзьдзя з удзелам Усебеларускага народнага сходу

Перад Усебеларускім народным сходам у 2021 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Перад Усебеларускім народным сходам у 2021 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Сталі вядомыя тэрміны правядзеньня УНС і пытаньні, якія на ім абмяркуюць.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што другі ў новым канстытуцыйным статусе Ўсебеларускі народны сход (УНС) павінен прайсьці ў красавіку.

«Сьледам за электаральнай кампаніяй на красавік заплянавана правядзеньне пасяджэньня Ўсебеларускага народнага сходу», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА з пасяджэньня прэзыдыюму ЎНС.

На пасяджэньні ЎНС Лукашэнка выступіць з штогадовым пасланьнем да беларускага народу.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дэлегаты сходу заслухаюць справаздачу прэм’ера-міністра, які павінен прадставіць «контуры стратэгіі праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на наступную пяцігодку», ухваляць шэраг кадравых рашэньняў, прынамсі, судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, а таксама абмяркуюць арганізацыйную структуру і камісіі УНС.

Чарговы раз Лукашэнка зьвярнуў увагу на неабходнасьць пазьбегнуць дваяўладзьдзя структураў.

«Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і ня ўмешвацца ў кампэтэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга ствараць новыя нарады, перапіску і фармалізм. І галоўнае — не павінна быць сутыканьня лбамі адных органаў улады зь іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам. [...] Калі мы хочам мець эфэктыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіроўных працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканаўчай дысцыпліны», — заявіў Лукашэнка.

  • Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, афіцыйна прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, УНС — «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
  • УНС мусіць зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў, прапаноўваць рэфэрэндумы ды іншае.
  • УНС таксама можа прымаць рашэньне аб зьняцьці з пасады прэзыдэнта Беларусі, калі той сыстэматычна ці груба парушае Канстытуцыю Беларусі альбо ўчыніў дзяржаўную здраду ці іншае цяжкае злачынства. УНС таксама мае права ўвесьці ў Беларусі надзвычайнае ці ваеннае становішча ў выпадку бязьдзеяньня прэзыдэнта.
  • Пры гэтым у новай рэдакцыі Канстытуцыі няма забароны для Аляксандра Лукашэнкі адначасова займаць і пасаду прэзыдэнта, і пасаду старшыні УНС.
  • Калі іншыя інстытуты ўлады (прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, мясцовыя саветы) хаця б фармальна выбіраюцца, то ва Ўсебеларускі народны сход няма прамых выбараў.
​
XS
SM
MD
LG