Датэрміновае галасаваньне завяршылася, ЦВК рапартуе пра рэкордную яўку

Датэрміновае галасаваньне ў Менску
Датэрміновае галасаваньне ў Менску

Увечары 25 студзеня завяршылася датэрміновае галасаваньне. Як сьцьвярджае Цэнтарвыбаркам, за пяць дзён на ўчасткі для галасаваньня зьявілася 41,81% выбарнікаў.

Заяўлена, што яўка ў Горадзенскай вобласьці склала 40,7%, Менску — 41,14%, Віцебскай вобласьці — 41,51%, Гомельскай — 41,72%, Брэсцкай — 41,99%, Менскай — 42,68%, Магілёўскай — 42,95%.

Раней кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка паведаміў, што на гэты момант у выбарчыя сьпісы ўключана 6 900 959 чалавек. Такім чынам, калі верыць афіцыйным даным, 21–25 студзеня на ўчасткі зьявілася 3 368 358 чалавек.

За першы дзень датэрміновага галасаваньня паведамлялася пра 7,81%, па выніках двух дзён — 17,67%, трох — 27,15%, чатырох — 35,99%.

Гэта рэкордная афіцыйная, але не пацьверджаная незалежным назіраньнем (гэты інстытут у краіне зьнішчаны) яўка выбарнікаў падчас датэрміновага галасаваньня для выбарчых кампаній у Беларусі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз архіўных даных ЦВК.

Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны на леташніх выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў (20–24 лютага) — 41,71%.

Афіцыйная датэрміновая яўка на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года складала 41,7%, 2015-га — 36,05%, 2010-га — 23,1%, 2006-га — 31,3%.

Апошнія дзесяцігодзьдзі ўсе працэсы пад назвай «выбары» суправаджаюцца настойлівымі заклікамі (непублічна — патрабаваньнямі, асабліва ў адрас студэнтаў) галасаваць датэрмінова. Незалежныя назіральнікі бачылі ў гэтым магчымасьць для ўлады маніпуляваць галасамі выбарнікаў.

​
XS
SM
MD
LG