Дэлегацыя МЗС Беларусі сустрэлася з новай адміністрацыяй Сырыі

Максім Рыжанкоў з Ахмэдам аль-Шараа. Фота sana.sy
Максім Рыжанкоў з Ахмэдам аль-Шараа. Фота sana.sy

Беларусь накіравала ў Сырыю дэлегацыю для перамоваў з новымі ўладамі краіны.

На чале дэлегацыі, у складзе якой сярод іншых начальнік галоўнага ўпраўленьня Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі Дзьмітры Мірончык, стаіць кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў.

23 студзеня Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком новай адміністрацыі Сырыі Ахмэдам аш-Шараа, і кіраўніком Службы агульнай выведкі Анасам Хатабам, паведамляе сырыйскае агенцтва SANA. Інфармацыю пацьвердзіў і МЗС Беларусі.

Перамовы Рыжанкова і Ахмеда аль-Шараа доўжыліся амаль 2 гадзіны, паведаміў МЗС Беларусі.

Рыжанкоў уручыў сырыйскаму кіраўніку сэртыфікаты на 50 аўтобусаў «МАЗ», перададзеных у дар, пацьвердзіў, што Менск гатовы працягваць гуманітарныя праграмы аздараўленьня сырыйскіх дзяцей.

Ён заявіў, што Менск выступае за захаваньне сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Сырыі ў міжнародна-прызнаных межах краіны.

Таксама ішла размова аб аднаўленьні працы беларускага пасольства ў Дамаску

Раней пра зацікаўленасьць ў супрацоўніцтве з Сырыяй заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях замежнагандлёвай дзейнасьці.

«Сырыя нам прапануе супрацоўніцтва, просіць, каб нашы службовыя асобы прыехалі перамовіцца, вызначыцца», — заявіў ён.

Максім Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком новай адміністрацыі Сірыі Ахмэдам аль-Шараа, 23 студзеня 2025 году
Максім Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком новай адміністрацыі Сірыі Ахмэдам аль-Шараа, 23 студзеня 2025 году

Рэжым Башара Асада ў Сырыі зрынулі ў сьнежні 2024 года. Цяпер у Сырыі ва ўладзе пераходны ўрад на чале з Ахмэдам аш-Шараа.

​
XS
SM
MD
LG