Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Унучцы» «Беларуськалію» падаткоўцы заблякавалі рахункі, а маёмасьць выставілі на аўкцыён

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праз аўкцыён прадаюць нерухомасьць кампаніі «Эўрапейскае аграрнае агенцтва» — гэта «ўнучка» «Беларуськалію», а асноўная яе частка належыць фірме з Эстоніі. Таргі кампанія анансавала ў сьнежні 2024 году, атрыманыя грошы зьбіраюцца выдаткаваць на пагашэньне даўгоў.

«Люстэрка» паглядзела, што зь нерухомасьці «Эўрапейскага аграрнага агенцтва» выставілі на аўкцыён.

Пра якую кампанію ідзе гаворка

Кампанія «Эўрапейскае аграрнае агенцтва» — афіцыйны дылер у Беларусі вядучых сусьветных вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, такіх як «Ростсельмаш», Siloking, RAUCH, Weidemann, Fliegl, Pegas-Agro. Яна таксама вырабляла кампанэнты для сельскагаспадарчых угнаеньняў.

45% акцыяў кампаніі афіцыйна валодае «Беларуськалій-Агра» (сельскагаспадарчы холдынг і «дачка» «Беларуськалію»). Гэтую долю спрабавалі прадаць праз аўкцыён у верасьні 2024 году, але, як відаць, безвынікова.

Мажарытарны (то бок асноўны) уладальнік «Эўрапейскага аграрнага агенцтва» (ЭЭА) — эстонская кампанія European Agricultural Agency, у яе руках 55% акцый. Як раней паведамлялі, яе ўладальнікі — Аляксандар Багачэнка (74%) і Сяргей Купрыяновіч (26%).

ЭАА сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі і не змагло расплаціцца з інвэстарамі па аблігацыях. Пра гэта ў траўні і сьнежні 2024 году паведамляла Міністэрства фінансаў Беларусі.

У сьнежні 2024 году ў кампаніі заявілі, што ў яе арыштаваныя рахункі, а ўсе грошы, што на іх паступаюць, сьпісваюць за даўгі па падатках. «Падатковым органам прыпыненыя ўсе расходныя апэрацыі па рахунках платніка падаткаў», — паведамлялі ў фірме.

«Таварыства было не гатовае да такога зыходу падзей. У цяперашні момант усе сілы накіраваныя на спагнаньне дэбіторскай запазычанасьці, рэалізацыю актываў таварыства для атрыманьня абаротных сродкаў», — адзначалі ў ЭАА і анансавалі таргі па продажы маёмасьці.

У 2025 годзе стала вядома пра банкруцтва зьвязанай з «Эўрапейскім аграрным агенцтвам» кампаніі-забудоўшчыка.

Якую нерухомасьць спрабуюць прадаць

Самая вялікая і дарагая нерухомасьць кампаніі разьмешчана ў Менску па вуліцы Бабушкіна, 66. У лот уваходзяць 24 капітальныя будынкі. У іх ліку — некалькі складоў, побытавы блёк, апэратарская, зарадная, сеткі водаправоду, каналізацыі, цеплатраса і іншыя аб’екты. Пачатковы кошт маёмасьці — 14 500 тысяч рублёў.

Асобным лотам ідзе адміністрацыйна-побытавы корпус у Менску, ён таксама разьмешчаны на вуліцы Бабушкіна, 66. Яго плошча — 754 м². Таргі за яго пачнуцца з 1 690 000 рублёў.

Таксама ёсьць нерухомасьць на вуліцы Платонава, 1Б. Гэта адміністрацыйнае памяшканьне плошчай 600,3 м², а таксама дапаможнае памяшканьне, якое займае 67,8 м². Абодва гэтыя лоты ўжо выстаўлялі на аўкцыён на пачатку мінулага сьнежня, але таргі не адбыліся — не было ахвотных у іх удзельнічаць. Цяпер стартавы кошт зьнізілі. Так, аўкцыён за першы лот пачнецца з 1 767 355 рублёў, за другі — з 199 645 рублёў.

Па гэтым жа адрасе, у крытым паркінгу, прадаюць 13 машына-месцаў кампаніі. Аўкцыён за кожнае зь іх пачнецца з сумы 19 000 або 19 200 рублёў (гэта залежыць ад плошчы паркоўкі).

Аўкцыёны па ўсіх лотах прызначаныя на 20 лютага.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG