На выбарчым бюлетэні зьмясьцілі інфармацыю, што здымаць яго забаронена

Бюлетэнь на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2025 году
Бюлетэнь на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2025 году

ЦВК палохае штрафам за фатаграфаваньне запоўненага выбарчага бюлетэня. Гэтак у 2020-м даказвалі фальсыфікацыі.

Інфармацыю пра забарону фота- і відэаздымкі запоўненага выбарчага бюлетэня зьмясцілі на ім самім, паведаміла «Вясна».

Унізе аркуша пазначана, што выбарнікам «забаронена выносіць выдадзены бюлетэнь за межы памяшканьня для галасаваньня, а таксама ажыцьцяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня».

Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская раней расказала, чаму цяпер забаронена здымаць запоўнены бюлетэнь.

«Цяпер у выбарчым заканадаўстве дакладна прапісана норма, якая вызначае забарону на фатаграфаваньне або відэаздымку запоўненага бюлетэня і на вынас бюлетэня за межы памяшканьня для галасаваньня. Такія дзеяньні зьяўляюцца адміністрацыйным правапарушэньнем і пацягнуць накладаньне штрафу на фізычную асобу, на выбарніка ў памеры да 15 базавых велічыняў (сёньня – 630 рублёў), – адзначыла Алена Балдоўская, якую цытуе БелТА.

Паводле яе, забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня нібыта зьвязана з прынцыпам таямніцы галасаваньня.

«Калі грамадзянін выстаўляе на ўсеагульны агляд тое, як ён прагаласаваў у асноўны дзень выбараў, ён, па сутнасьці, ажыцьцяўляе агітацыю. Агітацыя 26 студзеня забароненая», – заявіла Балдоўская.

Як здымалі бюлетэні ў 2020-м

На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі плятформа «Голас», ініцыяваная рухам «Сумленныя людзі», прапанавала грамадзянам удзельнічаць у незалежным маніторынгу, каб зафіксаваць рэальную падтрымку кандыдатаў і перадухіліць фальсыфікацыі.

Адным з ключавых элемэнтаў кампаніі стала фатаграфаваньне запоўненых бюлетэняў. Удзельнікаў заклікалі адразу пасьля галасаваньня адпраўляць здымкі праз плятформу, а пры адсутнасьці інтэрнэту загружаць іх пазьней.

Такая ініцыятыва знайшла шырокі водгук, даўшы людзям магчымасьць бараніць празрыстасьць выбараў.

Нягледзячы на рэпрэсіі і праблемы з доступам да інтэрнэту, гэтая кампанія стала часткай барацьбы за сумленнасьць выбарчага працэсу.

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG