Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«12 гадоў таму працаваў у МНС — значыць, ляяльны да ўладаў». Як беларус судзіцца за права жыць зь сям’ёй у Літве

Віктар Евілін
Віктар Евілін

Віктар Евілін з Мар’інай Горкі, быў актывістам падчас кампаніі 2020 году, пасьля перабраўся зь сям’ёй у Літву. На пачатку лета яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпекі Літвы», бо 12 гадоў таму назад ён працаваў у МНС.

Шматдзетны бацька з Мар’інай Горкі Віктар Евілін (такое напісаньне прозьвішча ў дакумэнтах у героя публікацыі. — Рэд.) спрабуе аспрэчыць рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы, каб застацца жыць у гэтай краіне. Яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» і ня сталі падаўжаць дазвол на жыхарства, бо з 1994-га па 2013 год ён служыў у МНС. Пад канец службы займаўся статыстыкай і ацэнкай наступстваў пажараў.

Дазвол Віктар атрымаў раней з мэтай «аб’яднаньня сям’і» (ягоная жонка мае літоўскія карані). У Літве ў Віктара чацьвёра дзяцей: два старэйшыя сыны і дзьве дачкі (адна вучыцца ва ўнівэрсытэце, другая — школьніца). Сям’я жыве ў Вільні з 2020 году, сюды яны прыехалі паводле гуманітарных візаў. Раней Свабода падрабязна расказвала гісторыю сям’і Віктара.

Суд першай інстанцыі ня стаў на бок Віктара і падтрымаў рашэньне Дэпартамэнту міграцыі: не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозай нацыянальнай бясьпецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў. Падстава — выснова Дэпартамэнту бясьпекі Літвы, якая прыводзіцца ў рашэньні суду (дакумэнт ёсьць у распараджэньні рэдакцыі. — РС). Высновы гэтага заключэньня наступныя:

  • Калі чалавек працаваў у МНС, нават даўно, ён мусіў быць ляяльным да беларускіх уладаў.
  • Калі чалавек там працаваў, то ў яго маглі захавацца кантакты з супрацоўнікамі.

«Не зьвярнулі ўвагу, што ў Беларусі я быў актывістам»

Пры гэтым ніякіх канкрэтных фактаў ляяльнасьці Евіліна да беларускіх уладаў не прыводзіцца, пра што таксама сказана ў рашэньні суду.

«Суд першай інстанцыі не разгледзеў мае довады, што я быў актывістам, што мне небясьпечна ехаць у Беларусь, што ў мяне тут сям’я. Яны паклалі ў рашэньне высновы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі», — кажа Віктар.

У Беларусі ён быў актыўны ў розных палітычных суполках, да 2020 году і падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га году.

«Я бываў на варце ў Курапатах, калі там адкрылі рэстаран „Поедем поедим“, быў на сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР у Менску. А ў 2020 годзе мы актыўна ўліліся ў хвалю, падтрымлівалі Ціханоўскую. Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску зь мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў зь Менску. Пасьля ўжо зьбіралі грошы на дапамогу палітвязьням», — пералічвае суразмоўца.

Таксама ён кажа, што дапамагаў палку імя Кастуся Каліноўскага, які аб’ядноўвае беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Віктар сьцьвярджае, што ў Беларусі амаль ні з кім не кантактуе, апроч маці. Перад пераездам сям’я прадала свой дом у Пухавіцкім раёне.

«Яны апэлююць да таго, што ёсьць верагоднасьць маёй ляяльнасьці да ўладаў. І гэта выснова робіцца толькі з таго, што я служыў у МНС. Хаця ў 2013 годзе там была зусім іншая сытуацыя», — дадае Віктар.

Цяпер беларус чакае другі суд вышэйшай інстанцыі, які мусіць адбыцца ў канцы студзеня. У Літве ён можа знаходзіцца, бо падаўся на ўцякацтва як палітычны актывіст. Калі б не зрабіў гэтага кроку, Віктар ужо мусіў бы выехаць зь Літвы. Гэтыя паўгода ён ня мог афіцыйна працаваць, хаця раней меў працу электрамантажнікам, а афіцыйна ў Літве працуе з 2021 году.

Пакуль усе выдаткі на адвакатаў і суды, па словах Віктара, склалі каля 2500 эўра. Большую частку гэтых сродкаў удалося сабраць дзякуючы фонду BySol, які абвяшчаў збор для дапамогі беларусу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG