Дэпутаты з 6 краінаў ЭЗ і ЗША заклікалі не прызнаваць выбараў у Беларусі 26 студзеня

Збор подпісаў за Лукашэнку як кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, лістапада 2024
Збор подпісаў за Лукашэнку як кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, лістапада 2024

Дэпутаты заклікаюць «не прызнаваць фіктыўных выбараў Лукашэнкі і адмовіць яму ў легітымнасьці, якой той дамагаецца».

Да гэтага заклікалі ў сумеснай заяве старшыня камітэту ў міжнародных справах Сэнату Кангрэсу ЗША Бэн Кардын і кіраўнікі камітэтаў у замежных і эўрапейскіх справах парлямэнтаў Італіі, Гішпаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі, якія далучыліся да яго.

Тэкст дакумэнту апублікаваў сайт камітэту ў міжнародных справах Сэната Кангрэсу ЗША.

Заява ў асноўным прысьвечаная асуджэньню расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і садзейнічаньня ёй з боку Ірану, Паўночнай Карэі і Кітая. У ім зазначаецца, што «барацьба Ўкраіны — гэта таксама барацьба дэмакратычных сілаў Беларусі і народу Грузіі, і гэтыя мужныя краіны-партнэры зусім ясна заявілі аб сваім імкненьні да дэмакратыі і павазе правоў чалавека».

81-гадовы Кардын завяршае кадэнцыю ў Сэнаце ў студзені 2025 году. У верасьні гэтага году ён унёс на разгляд узначаленага ім камітэту законапраект, датычны ў тым ліку магчымасьці прызнаньня Злучанымі Штатамі пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў.

У заяве адзначаецца, што перамогу на выбарах папраўдзе атрымала Сьвятлана Ціханоўская, а Лукашэнка расправіўся з тысячамі мірных дэманстрантаў, адправіў мноства людзей у турму, а затым забясьпечваў уварваньне Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня. Перад гэтым будзе датэрміновае галасаваньне. А перад гэтым, з 1 па 25 студзеня 2025 году — перадвыбарная агітацыя.

Пасьля 1996 году ніводныя выбары і рэфэрэндумы не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй для ўтрыманьня ўлады», праваабаронцы звяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі.

​
XS
SM
MD
LG