Кіраўнік ЦВК заявіў, што за чальцамі выбарчых камісій сачылі замежныя спэцслужбы, таму сьпісы камісій ня будуць публікаваць

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, архіўнае фота
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, архіўнае фота

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

У працы выбарчых камісій на прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 году будуць задзейнічаны каля 60 тысяч чалавек, сказаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на сустрэчы з калектывам і студэнтамі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэту спажывецкай каапэрацыі.

Ён дадаў, што сьпісы персанальнага складу чальцоў выбарчых камісій публікавацца не будуць.

«Сёння дакладна даказана, што такія спісы станавіліся аб’ектам вывучэння спецслужбаў шэрагу дзяржаў, якія пераследвалі пэўныя мэты. Пасля пачынаўся своеасаблівы булінг гэтых людзей», — цытуе Карпенку БелТА.

З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.


У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары са спазьненьнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.

У 2022 годзе ўлады ўвогуле не запрасілі місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня на так званым канстытуцыйным рэфэрэндуме 27 лютага.

Беларусь як дзяржава АБСЭ з уласнай волі ўзяла на сябе абавязаньне ладзіць свабодныя і справядлівыя выбары.

​
XS
SM
MD
LG