Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» пракамэнтавала вяртаньне ў Менск самалёта з хакейным «Дынама»

Самалёт дынамаўцаў
Самалёт дынамаўцаў

Борт, які жартаўліва назвалі «Дынамалётам», стаў навінкай ад клюбу. Але неўзабаве з самалётам пачаліся праблемы.

У нядзелю, 24 лістапада самалёт Embraer 195 з хакейнай камандай «Дынама» (Менск) накіроўваўся зь беларускай сталіцы ў расейскі Калінінград. Але на вышыні 9100 мэтраў над Сланцаўскім раёнам Ленінградзкай вобласьці трэснула шкло кабіны пілётаў. Экіпаж вырашыў вярнуцца назад у Менск. Сыгналаў бедзтва і тэрміновай дапамогі не падавалі. Праз паўтары гадзіны борт удала прызямліўся ў беларускай сталіцы.

«Падчас выкананьня рэйсу B2 949 Менск — Калінінград на самалёце Embraer-195 адбыўся раскол покрыўнага слоя адной з шыбаў кабіны пілётаў. У адпаведнасьці зь дзейнымі інструкцыямі камандзір паветранага судна прыняў рашэньне аб вымушаным вяртаньні ў базавы аэрапорт Менск у 13.18. Здароўю і бясьпецы пасажыраў нічога не пагражала», — праінфармавалі ў авіякампаніі.

Для выкананьня рэйсу далі іншы самалёт. У 16.25 ён вылецеў з Нацыянальнага аэрапорту «Менск», у 17.50 (па мясцовым часе) борт прызямліўся ў Калінінградзе.

«Растрэскваньне шкла кабіны пілётаў — сытуацыя, якая ўзьнікае выпадковым чынам і ня можа быць спрагназаваная авіякампаніяй. Раскол покрыўнага слоя лабавога шкла кабіны пілётаў без пашкоджаньня сілавых элемэнтаў не ўплывае на бясьпеку палёту і пасажыраў», — растлумачылі ў «Белавія».

Авіякампанія папрасіла прабачэньня ў пасажыраў затрыманых рэйсаў за нязручнасьці.

Самалёт мае на борце надпіс «Динамо», выкананы, як і іншыя надпісы, на расейскай мове. Яго клюб прадставіў 14 лістапада як новы транспарт каманды для дастаўкі яе на гасьцявыя матчы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG