Сваё рашэньне старшыня Саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў патлумачыў тым, што з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яму пачалі паступаць шматлікія звароты афіцэраў.
«Гэта былі наступныя словы: сёньня наша рэспубліка перажывае вельмі цяжкі час, каб зьберагчы краіну, забясьпечыць яе стабільнасьць, галоўная задача афіцэрскага корпусу — згуртавацца вакол нашага галоўнакамандуючага, падтрымаць дзейнага прэзыдэнта на будучых выбарах», — сказаў ён.
Таму, паводле Бобрыкава, ён прыняў рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах, «каб забясьпечыць згуртаванасьць афіцэрскага корпусу, не дапусьціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідэра».
Генэрал-маёр запасу, вайсковец Сяргей Бобрыкаў узначальваў Вайсковую акадэмію Беларусі да абраньня дэпутатам у 2016 годзе. Будучы дэпутатам, выказваўся пераважна пра войска, а менавіта пра скарачэньне адтэрміновак ад службы. Цяпер Бобрыкаў — старшыня Рэспубліканскай рады грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз афіцэраў».
Акрамя Лукашэнкі, Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 6 ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты: Сяргея Бобрыкава, Сяргея Сыранкова, Ганны Канапацкай, Алега Гайдукевіча, Вольгі Чамаданавай і Аляксандра Хіжняка.
Форум