Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся спадарожнікавыя здымкі ўдару па расейскіх складах у горадзе Тарапец

Спадарожнікавы здымак складу боепрыпасаў у Тарапцы пасьля выбуху, Расея, 18 верасьня 2024
Спадарожнікавы здымак складу боепрыпасаў у Тарапцы пасьля выбуху, Расея, 18 верасьня 2024

Праект Радыё Свабода «Схемы» атрымаў здымкі Planet Labs, зробленыя 18 верасьня. На іх — маштабнае задымленьне на тэрыторыі вайсковай часткі № 11777, якая падпарадкоўваецца штабу Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ.

У ноч на 18 верасьня расейскія СМІ паведамілі пра масавую атаку бесьпілётнікаў на горад Тарапец Цьвярской вобласьці Расеі — мясцовыя ўлады паведамілі пра эвакуацыю насельніцтва з тэрыторыі, дзе працавала супрацьпаветраная абарона. Успыхнуў пажар.

Пазьней у інтэрнэце зьявіліся відэа гучных выбухаў і маштабных пажараў ад мясцовых жыхароў, якія паведамілі пра атаку на склад боепрыпасаў. Мясцовыя ўлады паведамілі, што пажар пачаўся «ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА».

Пазьней крыніца Радыё Свабода ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведаміла, што штаб галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ у Тарапцы быў атакаваны бесьпілётнікамі СБУ, галоўнага ўпраўленьня выведкі і сілаў спэцыяльных апэрацыяў.

Паводле зьвестак крыніцы, на складзе захоўваліся ракеты для комплексаў «Іскандэр», апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У», зэнітныя ракеты і артылерыйскія боепрыпасы.

18 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра нібыта зьнішчэньне 54 бесьпілётнікаў у шэрагу рэгіёнаў. Аднак пра сытуацыю ў Цьвярской вобласьці не паведамляла.

Кіеў сьцьвярджае, што ўдары па Расеі наносяцца па аб'ектах вайсковай, энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры, якія зьяўляюцца ключавымі для ваенных дзеяньняў Масквы.

Расейскія ўлады амаль ніколі не паведамляюць пра поўную шкоду, нанесеную ўкраінскімі ўдарамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG